Памер шрыфту
РАЗЬДЗЕЛЫ:
[1] [2] [3] [4] [5] [6] [7] [8] [9] [10] [11] [12] [13] [14] [15] [16] [17] [18] [19] [20] [21] [22] [23] [24] [25] [26] [27] [28] [29] [30] [31] [32] [33] [34] [35] [36] [37] [38] [39] [40] [41] [42] [43] [44] [45] [46] [47] [48] [49] [50] [51] [52] [53] [54] [55] [56] [57] [58] [59] [60] [61] [62] [63] [64] [65] [66]

Кніга Прарока Ісаі

Найвышэйшая Песьня Саламонава
РАЗЬДЗЕЛ 1
1. Уява Ісаі, сына Амосавага, якую ён бачыў пра Юдэю і Ерусалім, у дні Азіі Ёатама, Ахаза, Эзэкіі - цароў Юдэйскіх.
2. Слухайце, нябёсы, і ўважай, зямля; бо гаворыць Гасподзь: Я выхаваў і ўзвысіў сыноў, а яны ўзбунтаваліся супраць Мяне.
3. Вол ведае гаспадара свайго, і асёл ясьлі гаспадара свайго; а Ізраіль ня знае Мяне, народ Мой не разумее.
4. О, народзе грэшны, народзе пад цяжкімі беззаконьнямі, ліхадзейскае племя, сыны пагібельныя! Пакінулі Госпада, заняхаілі Сьвятога Ізраілевага, - павярнуліся назад.
5. Па чым вас біць яшчэ, калі далей жывяце ва ўпартасьці? Уся галава ў струпах, і ўсё сэрца струхлела.
6. Ад ступкоў да цемені няма на ім месца здаровага; струпы, плямы, гнойныя раны, неабмытыя і неперавязаныя, і алеем неразьмякчаныя.
7. Зямля ваша спустошана; гарады вашыя агнём спалены; палі вашыя на вашых вачах паядаюць чужынцы; усё запусьцела, быццам пасьля руйнаваньня чужынскага.
8. І засталася дачка Сіёна, як намёт у вінаградніку, як будан у гародзе, як абложаны горад.
9. Калі б Гасподзь Саваоф не пакінуў нам невялікае рэшты, дык мы былі б тое самае, што Садома, прыпадобніліся б да Гаморы.
10. Слухайце слова Гасподняе, князі Садомскія: уважай закону Бога нашага, народзе Гаморскі!
11. Навошта Мне мноства ахвяраў вашых? кажа Гасподзь. Я перанасыціўся цэласпаленьнямі бараноў і тлушчам укормленага быдла; і крыві цялят, і ягнят, і казлоў не хачу.
12. Калі вы прыходзіце, каб зьявіцца перад аблічча Маё, хто патрабуе ад вас, каб вы тапталі падворкі Мае?
13. Не насеце болей дарункаў марнотных; дым кадзільны агідны Мне; навамесяцаў і суботаў, сходаў сьвяточных трываць не магу: беззаконьне - і сьвяткаваньне!
14. Навамесяцы вашыя і сьвяты вашыя ненавідзіць душа Мая; яны цяжкія Мне; Мне цяжка іх несьці.
15. І калі вы працягваеце рукі вашыя, Я заплюшчваю ад вас Мае вочы; і калі памнажаеце вы малітвы свае, Я ня чую: вашыя рукі ў крыві.
16. Абмыйцеся, ачысьціцеся; адвядзеце ліхія ўчынкі вашыя ад вачэй Маіх; перастаньце рабіць зло;
17. навучэцеся рабіць дабро; шукайце праўды; ратуйце прыгнечанага; абараняйце сірату; заступайцеся за ўдаву.
18. Тады прыйдзеце, і рассудзім, кажа Гасподзь. Калі будуць грахі вашыя, як барвовае, - як сьнег адбялю; калі будуць чырвоныя, як пурпура, - як воўну адбялю.
19. Калі захочаце і паслухаецеся, дык есьцімеце даброты зямлі.
20. Калі ж адмовіцеся і будзеце ўпарціцца, дык меч зжарэ вас: бо вусны Гасподнія маўляюць.
21. Як зрабілася блудадзейкаю верная сталіца, поўная правасудзьдзя! Праўда жыла ў ёй, а цяпер забойцы.
22. Срэбра тваё зрабілася шлакам, віно тваё сапсавана вадою.
23. Князі твае - законаадступнікі і пасобнікі злодзеяў; усе яны любяць дарункі і ўгоньваюцца за грашыма; не бароняць сіраты, і гора ўдавы ня абыходзіць ім.
24. Таму кажа Гасподзь, Гасподзь Саваоф, Моцны Ізраілеў: о, Я ўсьцешу Сябе над супраціўцамі Маімі і адпомшчу ворагам Маім!
25. І павярну на цябе руку Маю, і, як лугам, адчышчу зь цябе дамесак, і аддзялю ад цябе ўсё сьвінцовае
26. і пастаўляцьму судзьдзяў табе, як раней, і радцаў, як напачатку; тады будуць казаць пра цябе: «горад праўды, сталіца веры».
27. Сіён уратуецца правасудзьдзем, і навернутыя сыны яго - справядлівасьцю.
28. А ўсім адступнікам і грэшнікам - пагібель, і тыя, што пакінулі Госпада, вынішчацца.
29. Яны будуць пасаромленыя за дубровы, якіх вы так прагнулі, і брыдка ім будзе за сады, якія вам так панадныя.
30. Бо вы будзеце, як дуб, зь якога лісьце апала, і як сад, у якім няма вады.
31. І моцны будзе ашмоцьцем, і дзея ягоная - іскраю; і будуць паліцца разам, - і ніхто не патушыць.
Далей >>
Кніга Прарока Ераміі
Іншыя кнігі