Памер шрыфту
РАЗЬДЗЕЛЫ:
[1] [2] [3]

Кніга Сафона

Кніга Абакума
РАЗЬДЗЕЛ 1
1. Слова Гасподняе, якое было Сафону, сыну Хусіі, сыну Гадаліі, сыну Амарыі, сыну Эзэкіі, у дні Ісаі, сына Амонавага, сына Юдавага.
2. Усё зьнішчу з аблічча зямлі, - кажа Гасподзь:
3. зьнішчу людзей і быдла, зьнішчу птушак нябесных і рыб марскіх, і спакусы разам зь бязбожнымі; зьнішчу людзей з улоньня зямлі, кажа Гасподзь.
4. І працягну руку Маю на Юдэю і на ўсіх жыхароў Ерусаліма: зьнішчу зь месца гэтага рэшткі Ваала, імя жрацоў са сьвятарамі,
5. і тых, якія на дахах пакланяюцца воінству нябеснаму, і тых паклонцаў, якія запрысягаюцца Госпадам і запрысягаюцца царом сваім,
6. і тых, якія адступіліся ад Госпада, ня шукалі Госпада і ня пыталіся пра Яго.
7. Змоўкні перад абліччам Госпада! бо блізкі дзень Госпада: ужо падрыхтаваў Гасподзь ахвярны закол, назначыў, каго паклікаць.
8. І будзе ў дзень ахвяры Гасподняй: Я наведаю князёў і сыноў цара і ўсіх, хто апранаецца ў вопратку іншапляменцаў;
9. наведаю ў той дзень усіх, якія пераскокваюць цераз парог, якія дом Госпада свайго напаўняюць гвалтам і ашуканствам.
10. І будзе ў той дзень, кажа Гасподзь, лямант каля брамаў рыбных і галашэньне каля іншых брамаў і вялікае разбурэньне на пагорках.
11. Галасеце, жыхары ніжняга горада, бо зьнікне ўвесь гандлёвы люд, і вынішчаны будуць абцяжаныя срэбрам.
12. І будзе ў той час: Я са сьвяцільняю агледжу Ерусалім і пакараю тых, якія сядзяць на дрожджах сваіх і кажуць у сэрцы сваім: «ня робіць Гасподзь ні дабра ні ліха», -
13. і абернуцца багацьці іхнія здабычаю і дамы іхнія - запусьценьнем: яны пабудуюць дамы, а жыць у іх ня будуць; насадзяць вінаграднікі, а віна зь іх ня піцьмуць.
14. Блізкі вялікі дзень Госпада, блізкі - і вельмі сьпяшаецца: ужо чуцен голас дня Гасподняга. Горка заенчыць тады і самы адважны!
15. Дзень гневу - дзень гэты, дзень скрухі і ўціску, дзень спусташэньня і плягі, дзень цемры і змроку, дзень воблака і мглы,
16. дзень трубы і ваяўнічага крыку супроць умацаваных гарадоў і высокіх вежаў.
17. І Я ўцісну людзей, і яны будуць хадзіць, як сьляпыя, бо яны зграшылі супроць Госпада, і раскідана будзе кроў іхняя, як тло, і плоць іхняя - як памёт.
18. Ні срэбра іхняе, ні золата іхняе ня зможа выратаваць іх у дзень Госпада, і агнём палкасьці Ягонай зжэртая будзе ўся гэта зямля, бо вынішчэньне, раптоўнае, зьдзейсьніць Ён над усімі жыхарамі зямлі.
Далей >>
Кніга Агея
Іншыя кнігі