Памер шрыфту
РАЗЬДЗЕЛЫ:
[1] [2] [3] [4] [5] [6] [7] [8] [9] [10] [11] [12] [13] [14] [15] [16] [17] [18] [19] [20] [21] [22] [23] [24]

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
РАЗЬДЗЕЛ 1
1. Як ужо многія пачалі складаць аповесьці пра добра вядомыя сярод нас падзеі,
2. як пераказалі нам тое ўсе, хто з самага пачатку быў сьведкамі і слугамі Слова, -
3. дык надумаўся і я, рупліва дасьледаваўшы ўсё з пачатку, па парадку апісаць табе, глыбокашаноўны Феафіле,
4. каб ты ўведаў цьвёрдую аснову таго вучэньня, у якім быў настаўлены.
5. У дні Ірада, цара Юдэйскага, быў сьвятар з Авіевай чаргі, імем Захар, і жонка ягоная з роду Ааронавага, імя ейнае Елісавета.
6. Абое яны былі праведныя перад Богам, жывучы паводле ўсіх запаведзяў і ўстанаўленьняў Гасподніх беспахібна.
7. У іх ня было дзяцей, бо Елісавета была няплодная, і абое былі ўжо ў сталым веку.
8. Аднаго разу, калі ён у парадку сваёй чаргі служыў перад Богам,
9. па жэрабі, як заведзена было ў сьвятароў, прыпала яму ўвайсьці ў храм Гасподні кадзіць,
10. а ўсё мноства людзей малілася звонку ў часе каджэньня, -
11. тады зьявіўся яму анёл Гасподні, стоячы па правы бок да ахвярніка кадзільнага,
12. і Захар, убачыўшы яго, сумеўся, і страх агарнуў яго.
13. Анёл жа сказаў яму: ня бойся, Захар, бо пачута малітва твая, і жонка твая ілізабета народзіць табе сына, і дасі яму імя Ян;
14. і будзе табе радасьць і весялосьць, і многія нараджэньню ягонаму ўзрадуюцца;
15. бо ён вялікі будзе перад Госпадам; ня будзе піць віна і сікеру, і Духам Сьвятым прасякнецца яшчэ ад улоньня маці сваёй;
16. і многіх з-паміж сыноў Ізраілевых наверне да Госпада Бога іхняга;
17. і пройдзе перад імі ў духу і ў сіле Ільлі, каб вярнуць сэрцы бацькоў дзецям, і непакорлівым лад думак праведнікаў, каб зьявіць Госпаду народ падрыхтаваны.
18. І сказаў Захар анёлу: па чым я пазнаю гэта? бо я стары, і жонка мая ў сталым веку.
19. Анёл сказаў яму ў адказ: я Гаўрыіл, стаю перад Богам, і пасланы гаварыць з табою і паведаміць табе гэта;
20. і вось ты будзеш маўчаць і ня зможаш гаварыць да таго дня, калі гэта збудзецца, за тое, што ты не паверыў словам маім, якія спраўдзяцца ў свой час.
21. Тым часам люд чакаў Захара і зьдзіўляўся, што ён марудзіў у храме.
22. А ён, выйшаўшы, ня мог гаварыць да іх; і яны зразумелі, што ён бачыў уяву ў храме; і ён рабіў ім знакі і заставаўся нямы.
23. А як скончыліся дні службы ягонай, вярнуўся ў дом свой.
24. Пасьля гэтых дзён зачала Елісавета, жонка ягоная, і таілася пяць месяцаў, і казала:
25. так учыніў мне Гасподзь у дні тыя, калі паглядзеў на мяне, каб зьняць зь мяне ганьбу сярод людзей.
26. А на шостым месяцы пасланы быў анёл Гаўрыіл ад Бога ў горад Галілейскі, які называўся Назарэт,
27. да Дзевы, заручанай з мужам, імем Язэп, з дому Давідавага; а імя ў Дзевы: Марыя.
28. Анёл, увайшоўшы да Яе, сказаў: радуйся, Дабрадатная! Гасподзь з Табою; дабраславёная Ты сярод жанчын.
29. А Яна, угледзеўшы яго, сумелася ад словаў ягоных і разважала, што б гэта было за вітаньне.
30. І сказаў Ёй анёл: ня бойся, Марыя, бо Ты здабыла мілату ў Бога;
31. і вось, зачнеш ва ўлоньні, і народзіш Сына, і дасі Яму імя: Ісус;
32. Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Усявышняга; і дасьць Яму Гасподзь Бог пасад Давіда, бацькі Ягонага;
33. і будзе валадарыць над домам Якава вечна, і Царству Ягонаму ня будзе канца.
34. А Марыя сказала анёлу: як будзе гэта, калі Я мужа ня знаю?
35. Анёл сказаў Ёй у адказ: Дух Сьвяты сыйдзе на Цябе, і сіла Усявышняга ахіне Цябе; таму і народжанае Сьвятое назавецца Сынам Божым;
36. вось, і Елісавета, сваячка Твая, называная няплоднаю, і яна зачала сына ўстарасьці сваёй, і ёй ужо шосты месяц;
37. бо ў Бога не застанецца бясьсілым ніякае слова.
38. Тады Марыя сказала: вось, раба Гасподняя; хай будзе Мне паводле слова твайго. І адыйшоў ад Яе анёл.
39. І ўстаўшы, Марыя ў дні тыя, пасьпяшалася ў нагорную краіну, у горад Юдаў,
40. і ўвайшла ў дом Захара, і прывітала Елісавету.
41. Калі Елісавета пачула вітаньне Марыіна, варухнулася дзіцятка ў чэраве ў яе; і Елісавета напоўнілася Духам Сьвятым,
42. і ўсклікнула моцным голасам, і сказала: Дабраславёная Ты сярод жанчын, ідабраславёны плод улоньня Твайго!
43. І адкуль гэта мне, што прыйшла Маці Госпада майго да мяне?
44. Бо калі голас вітаньня Твайго дайшоў да слыху майго, варухнулася дзіцятка радасна ў чэраве маім.
45. і дабрашчасная Тая, Якая паверыла, бо збудзецца сказанае Ёй ад Госпада.
46. І сказала Марыя: праслаўляе душа Мая Госпада,
47. і ўзрадаваўся дух мой у Богу, Збаўцу Маім,
48. што дагледзеў Ён пакорлівасьць рабы Сваёй; бо ад сёньня будуць шчасьціць Мяне ўсе роды,
49. бо ўчыніў Мне веліч Магутны і сьвятое імя Ягонае,
50. і ласка Ягоная ў роды родаў да тых, што баяцца Яго;
51. зьявіў сілу рукі Сваёй; расьсеяў тых, што заносяцца думкамі сэрца свайго;
52. скінуў моцных з тронаў, і ўзвысіў пакорлівых;
53. галодных напоўніў дабром, а багатых пусьціў ані з чым;
54. прыгарнуў Ізраіля, слугу Свайго, памятаючы пра міласэрнасьць;
55. як казаў бацькам нашым, Абрагаму і семені ягонаму давеку.
56. А Марыя прабыла зь ёю каля трох месяцаў і вярнулася ў дом Свой.
57. А ілізабэце прысьпеў час радзіць, і яна нарадзіла сына.
58. І пачулі суседзі і родзічы ейныя, што прасьцёр Гасподзь ласку Сваю над ёю, і радаваліся зь ёю.
59. На восьмы дзень прыйшлі абрэзаць дзіця, і хацелі назваць яго імем бацькі ягонага, Захарам.
60. На гэта маці ягоная сказала: не; а назваць яго Янам.
61. І сказалі ёй: нікога няма ў радзіне тваёй, хто б называўся гэтым імем.
62. І пыталіся знакамі ў бацькі ягонага, як бы ён хацеў назваць яго.
63. Ён папрасіў дошчачку і напісаў: Ян імя яму. І ўсе зьдзівіліся.
64. І адразу разамкнуліся вусны ягоныя і язык ягоны, і ён загаварыў, славячы Бога.
65. І быў страх на ўсіх, што жылі вакол іх; і расказвалі пра ўсё гэта па ўсёй нагорнай краіне Юдэйскай.
66. Усе, хто чуў, паклалі гэта ў сэрца сваё і казалі: што будзе зь дзіцятка гэтага? І рука Гасподняя была зь ім.
67. І Захар, бацька Ягоны, напоўніўся Духам Сьвятым і прарочыў, кажучы:
68. Дабраславёны Гасподзь Бог Ізраілеў, што наведаў народ Свой і даў ратунак яму,
69. і паслаў моцнага выратавальніка нам, нашчадка Давіда, слугі Свайго,
70. як узьвясьціў вуснамі былых ад веку сьвятых прарокаў Сваіх,
71. што ўратуе нас ад ворагаў нашых; і ад рукі ўсіх ненавісьнікаў нашых;
72. учыніць міласэрнасьць бацькам нашым і ўспомніць сьвятую дамову Сваю,
73. прысягу, якою прысягаў Ён Абрагаму, бацьку нашаму, даць нам,
74. каб бяз страху, пасьля збавеньня ад рук ворагаў нашых,
75. мы служылі Яму ў сьвятасьці і праўдзе перад Ім ва ўсе дні жыцьця нашага.
76. А ты, дзіця, назавешся прарокам Усявышняга, бо ідзеш перад абліччам Госпада - падрыхтаваць шляхі Яму,
77. каб разумеў народ Ягоны ратунак у дараваньні грахоў іхніх,
78. праз шчырую міласэрнасьць Бога нашага, якой наведаў нас Усход з вышыні,
79. прасьвятліць тых, што сядзяць у цемры і цяні сьмяротным, скіраваць ногі нашыя на шлях міру.
80. А дзіця расло і мацавалася духам, і заставалася ў пустынях да дня зьяўленьня свайго Ізраілю.
Далей >>
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Іншыя кнігі