Памер шрыфту
Чытаньне за 16 красавіка 2017:


Евангельле паводле Яна 20.19-25

19. У той самы першы дзень тыдня ўвечары, калі дзьверы дома, дзе зьбіраліся вучні Ягоныя, былі замкнутыя з апасеньня перад Юдэямі, прыйшоў Ісус і стаў пасярод, і кажа ім: мір вам!
20. Сказаўшы гэта, Ён паказаў ім рукі і ногі і рэбры Свае. Вучні ўзрадаваліся, убачыўшы Госпада.
21. А Ісус сказаў ім другі раз: мір вам! як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас.
22. Сказаўшы гэта, дзьмухнуў, і кажа ім: прымеце Духа Сьвятога:
23. каму даруеце грахі, таму даруюцца: на кім пакінеце, на тым застануцца.
24. А Тамаш, адзін з дванаццацёх, называны Блізьнюк, ня быў тут зь імі, калі прыходзіў Ісус.
25. Другія вучні сказалі яму: мы бачылі Госпада. Але ён сказаў ім: калі ня ўбачу на руках у Яго ранаў ад цьвікоў, і не ўкладу пальца майго ў раны ад цьвікоў, і ня ўкладу рукі маёй у рэбры Ягоныя, не паверу.

Дзеі Апосталаў 1.1-8

1. Першую кнігу напісаў я табе, Феафіле, пра ўсё, што Ісус рабіў і чаму вучыў ад пачатку
2. аж па той дзень, калі Ён узьнёсься, даўшы праз Духа Сьвятога наказы Апосталам, якіх Ён выбраў,
3. якім зьявіў Сябе жывога пасьля цярпеньняў Сваіх з многімі слушнымі доказамі, сорак дзён паказваючыся ім і апавядаючы пра Царства Божае;
4. і, сабраўшы іх, Ён загадаў ім: не адлучайцеся зь Ерусаліма, а чакайце абяцанага ад Айца, пра што вы чулі ад Мяне;
5. бо Ян хрысьціў вадою, а вы, празь нямнога дзён пасьля будзеце ахрышчаны Духам Сьвятым.
6. Пасьля гэтага яны, сыйшоўшыся, пыталіся ў Яго, кажучы: ці ня гэтым часам, Госпадзе, аднаўляеш Ты царства Ізраілю?
7. А Ён сказаў ім: ня вам ведаць часіны ці поры, якія Айцец назначыў Сваёй уладай;
8. а вы прымеце сілу, як зыйдзе на вас Дух Сьвяты, і будзеце Мне за сьведкаў у Ерусаліме і ва ўсёй Юдэі і Самарыі і нават па край зямлі.

Евангельле паводле Яна 1.1-17

1. На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Богам.
2. Яно было на пачатку ў Бога:
3. усё празь Яго пачалося, і безь Яго нішто не пачалося з таго, што пачало быць.
4. У Ім было жыцьцё, і жыцьцё было сьвятлом людзей.
5. І сьвятло ў цемры сьвеціць, і цемра не агарнула яго.
6. Быў чалавек, пасланы ад Бога; імя яму Ян;
7. Ён прыйшоў дзеля сьведчаньня, каб сьведчыць пра Сьвятло, каб усе ўверавалі празь Яго;
8. ён ня быў сьвятло, а быў пасланы, каб сьведчыць пра Сьвятло.
9. Было Сьвятло сапраўднае, Якое прасьвятляе кожнага чалавека, што прыходзіць у сьвет.
10. У сьвеце было, і сьвет празь Яго пачаў быць, і сьвет Яго не пазнаў;
11. прыйшоў да сваіх, і свае Яго не прынялі;
12. а тым, якія прынялі Яго, веруючым у імя Ягонае, даў уладу быць дзецьмі Божымі,
13. якія не ад крыві, ні ад хаценьня плоці, ні ад хаценьня мужа, а ад Бога нарадзіліся.
14. І Слова стала плоцьцю, і ўсялілася ў нас, поўнае мілаты і праўды; і мы бачылі славу Ягоную, славу, як Адзінароднага ад Айца.
15. Ян сьведчыць пра Яго і ўсклікаючы кажа: Гэта быў Той, пра Якога я сказаў, што Той, Хто ідзе за мною, апярэдзіў мяне, бо быў раней за мяне.
16. І ад паўнаты Яго ўсе мы прынялі і мілату да мілаты;
17. бо закон дадзены праз Майсея, а мілата і праўда сталіся празь Ісуса Хрыста.