Памер шрыфту
Чытаньне за 26 красавіка 2017:


Дзеі Апосталаў 4.13-22

13. Убачыўшы адвагу Пятра і Яна і зьмеціўшы, што яны людзі някніжныя і простыя, яны зьдзіўляліся; тым часам пазнавалі іх, што былі яны зь Ісусам;
14. але бачачы ацаленага чалавека, які стаяў зь імі, нічога сказаць не маглі насуперак.
15. І, загадаўшы ім выйсьці з сынедрыёна, раіліся паміж сабою,
16. кажучы: што нам зрабіць з гэтымі людзьмі? бо ўсім, хто жыве ў Ерусаліме, вядома, што яны ўчынілі на яве цуд, і мы ня можам аспрэчыць гэтага;
17. але, каб больш не раскрылася гэта ў народзе, з пагрозай забаронім ім, каб не казалі пра імя гэтае нікому зь людзей.
18. І, паклікаўшы іх, загадалі ім зусім не прапаведаваць і ня вучыць у імя Ісуса.
19. Але Пётр і Ян сказалі ім у адказ: памяркуйце, ці справядліва перад Богам - слухацца вас болей, чым Бога?
20. Мы ня можам не гаварыць пра тое, што бачылі і чулі.
21. А тыя, прыстрашыўшы, адпусьцілі іх, не знайшоўшы магчымасьці пакараць іх, з прычыны людзей, бо ўсе славілі Бога за тое, што адбылося;
22. бо больш за сорак гадоў было таму чалавеку, зь якім сталася гэтае дзіва выздараўленьня.

Евангельле паводле Яна 5.17-24

17. А Ісус казаў ім: Айцец Мой дагэтуль робіць, і Я раблю.
18. І яшчэ больш намышлялі забіць Яго Юдэі за тое, што Ён ня толькі парушаў суботу, але і Айцом Сваім называў Бога, робячы Сябе роўным Богу.
19. На гэта Ісус сказаў: праўду, праўду кажу вам: Сын нічога ня можа тварыць Сам ад Сябе, калі ня ўбачыць, як Айцец творыць: бо, што творыць Ён, тое і Сын творыць таксама.
20. Бо Айцец любіць Сына і паказвае Яму ўсё, што творыць Сам; і пакажа Яму дзеі большыя за гэтыя, так што вы зьдзівіцеся.
21. Бо, як Айцец уваскрашае мёртвых і ажыўляе, так і Сын ажыўляе, каго хоча.
22. Бо Айцец і ня судзіць нікога, а ўвесь суд аддаў Сыну,
23. каб усе шанавалі Сына, як шануюць Айца. Хто не шануе Сына, той не шануе і Айца, Які паслаў Яго.
24. Праўду, праўду кажу вам: хто слухае слова Маё і верыць у Таго, Хто паслаў Мяне, мае жыцьцё вечнае, і на суд ня прыходзіць, а перайшоў ад сьмерці ў жыцьцё.