Памер шрыфту
Чытаньне за 11 ліпеня 2018:


1-е пасланьне да Карынцянаў 10.12-22

12. А таму, хто думае, што ён стаіць, глядзі, каб ня ўпасьці.
13. Вас апанавала спакуса не якая, а чалавечая; і верны Бог, Які не дапусьціць, каб вас спакушалі звыш сілы, але пры спакушэньні дасьць і палёгку, каб вы маглі ператрываць.
14. Таму, любасныя мае, унікайце служэньня ідалам.
15. Я кажу вам як разважлівым; самі памяркуйце, пра што я кажу:
16. Чара дабраславеньня, якую дабраслаўляем, ці ня ёсьць далучэньне Крыві Хрыстовай? хлеб, які ламаем, ці ня ёсьць далучэньне Цела Хрыстовага?
17. Адзін хлеб, і мы многія - адно цела; бо ўсе прычашчаемся адным хлебам.
18. Паглядзеце на Ізраіля па плоці: тыя, што ядуць ахвярнае, ці ня супольнікі яны ахвярніка?
19. Што я кажу? ці тое, што ідал ёсьць нешта? альбо ідалаахвярнае значыць што-небудзь?
20. Не; але што язычнікі, калі прыносяць ахвяры, дык прыносяць дэманам, а ня Богу; але я не хачу, каб вы былі ў супольнасьці з дэманамі.
21. Ня можаце піць чару Гасподнюю і чару дэманскую; ня можаце быць супольнікамі ў гасьціне Гасподняй і ў гасьціне дэманскай.
22. Няўжо мы адважымся дражніць Госпада? Хіба мы мацнейшыя за Яго?

Евангельле паводле Мацьвея 16.20-24

20. Тады Ісус загадаў вучням Сваім, каб нікому не казалі, што Ён ёсьць Хрыстос.
21. З таго часу Ісус пачаў адкрываць вучням Сваім, што Ён мусіць ісьці ў Ерусалім і шмат выцерпець ад старэйшын і першасьвятароў і кніжнікаў, і мае быць забіты, і на трэйці дзень уваскрэснуць.
22. І, адвёўшы Яго, Пётр пачаў пярэчыць Яму, кажучы: міласэрны Ты, Госпадзе! Хай ня будзе гэтага з Табою!
23. А Ён, абярнуўшыся, сказаў Пятру: адыдзі ад Мяне, сатана! ты Мне спакуса, бо думаеш не пра тое, што Божае, а што чалавечае.
24. Тады Ісус сказаў вучням Сваім: калі хто хоча ісьці за Мною, хай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой і ідзе за Мною;