Памер шрыфту
Чытаньне за 12 ліпеня 2018:


1-е пасланьне да Карынцянаў 10.28-11.7

28. Але калі хто скажа вам: гэта ідалаахвярнае, - дык ня ежце дзеля таго, хто падказаў вам, і дзеля сумленьня; бо Гасподняя зямля, і ўсё, што на ёй.
29. Сумленьне ж разумею не сваё, а іншага; бо дзеля чаго маёй свабодзе быць суджанай чужым сумленьнем?
30. Калі я з удзячнасьцю ем, дык навошта мяне дакараць за тое, за што я дзякую?
31. Дык жа, ці ясьце, ці п'яце, ці (іншае) што робіце, усё рабеце на славу Божую.
32. Не давайце панады ні Юдэям, ні Элінам, ні царкве Божай,
33. так, як і я дагаджаю ўсім ва ўсім, шукаючы не сабе карысьці, а многім, каб яны ўратаваліся.
1. Пераймайце мяне, як я Хрыста.
2. Хвалю вас, браты, што вы ўсё маё памятаеце, і наказаў трымаецеся так, як я наказаў вам.
3. Хачу таксама, каб вы ведалі, што кожнаму мужу галава - Хрыстос, жонцы галава - муж, а Хрысту галава - Бог.
4. Кожны мужчына, які моліцца альбо прарочыць з накрытаю галаваою, сарамаціць сваю галаву;
5. і кожная жанчына, якая моліцца альбо прарочыць з адкрытаю галавою, сарамаціць галаву, бо гэта тое самае, як калі б яна была паголеная;
6. бо, калі жанчына ня хоча накрывацца, дык няхай і стрыжэцца; а калі жанчыне сорам быць пастрыжанай ці паголенай, хай накрываецца.
7. Дык вось, мужчына не павінен накрываць галаву, бо ён ёсьць падабенства і слава Божая; а жанчына ёсьць слава мужчыны.

Евангельле паводле Мацьвея 16.24-28

24. Тады Ісус сказаў вучням Сваім: калі хто хоча ісьці за Мною, хай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой і ідзе за Мною;
25. Бо хто хоча душу** сваю ўратаваць, той страціць яе; а хто страціць душу сваю дзеля Мяне, той знойдзе яе;
26. бо якая карысьць чалавеку, калі ён увесь сьвет здабудзе, а душу сваю змарнуе? альбо які выкуп дасьць чалавек за душу сваю?
27. Бо прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Айца Свайго з анёламі Сваімі, і тады аддасьць кожнаму паводле спраў ягоных.
28. Праўду кажу вам: ёсьць сярод тых, што стаяць тут, такія, што не скаштуюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Сына Чалавечага, як Ён ідзе ў Царстве Сваім.