Памер шрыфту
Чытаньне за 13 ліпеня 2018:


1-е пасланьне да Карынцянаў 11.8-22

8. Бо ня мужчына ад жанчыны, а жанчына ад мужчыны;
9. і ня мужчына створаны жанчыне, а жанчына мужчыне.
10. Таму жанчына і павінна мець на галаве сваёй знак улады, дзеля анёлаў.
11. Аднак, ні мужчына без жанчыны, ні жанчына бяз мужчыны, у Госпадзе.
12. Бо, як жанчына ад мужчыны, так і мужчына праз жанчыну; а ўсе - ад Бога.
13. Памяркуйце самі, ці прыстойна жанчыне маліцца Богу зь ненакрытай галавою?
14. Ці не сама прырода вучыць вас, што калі мужчына запускае валасы, дык гэта ганьба яму,
15. а калі жанчына запускае валасы, дык ёй гэта гонар, бо валасы дадзены ёй замест покрыва.
16. А калі б хто захацеў спрачацца, дык мы ня маем такога звычаю, ні цэрквы Божыя.
17. Але, наказваючы гэта, не хвалю вас, бо зьбіраецеся вы не на лепшае, а на горшае.
18. Бо, па-першае, чую, што, калі вы сыходзіцеся царквою, паміж вамі бывае незлагадзь, у што я крыху і веру.
19. Бо мусіць быць і разнадум'е паміж вамі, каб адкрыліся сярод вас дасьведчаныя.
20. Далей, вы зьбіраецеся так, што гэта не азначае есьці вячэру Гасподнюю;
21. бо кожны сьпяшаецца раней за другіх з'есьці сваю ежу, так што адзін бывае галодны, а іншы ўпіваецца.
22. Хіба ў вас няма дамоў на тое, каб есьці і піць? Альбо пагарджаеце царквою Божаю і прыніжаеце бедных? Што сказаць вам? пахваліць вас за гэта? Не пахвалю.

Евангельле паводле Мацьвея 17.10-18

10. І спыталіся ў Яго вучні Ягоныя, кажучы: як жа кніжнікі кажуць, што Ільля мае прыйсьці раней?
11. Ісус сказаў ім у адказ: Ільля сапраўды прыйдзе раней і падрыхтуе ўсё;
12. але кажу вам, што Ільля ўжо прыйшоў, і не пазналі яго, а зрабілі зь ім, што хацелі; так і Сын Чалавечы мае пацярпець ад іх.
13. Тады зразумелі вучні, што Ён пра Яна Хрысьціцеля казаў ім.
14. І калі прыйшлі яны да люду, падышоў да Яго чалавек і, укленчыўшы перад Ім,
15. сказаў: Госпадзе! памілуй сына майго; ён лунатык і цяжка пакутуе, бо часта падае ў вагонь і часта ў ваду;
16. я прыводзіў яго да вучняў Тваіх, і яны не маглі ацаліць яго.
17. А Ісус сказаў у адказ: о, род няверны і разбэшчаны! дакуль буду з вамі? дакуль буду трываць вас? прывядзеце яго да Мяне сюды.
18. І забараніў яму Ісус; і выйшаў зь яго дэман; і выздаравеў хлопец у тую жхвіліну.