Памер шрыфту
Чытаньне за 14 ліпеня 2018:


Пасланьне да Рымлянаў 13.1-10

1. Кожная душа няхай скараецца вышэйшым уладам; бо няма ўлады не ад Бога; а ўлады, якія існуюць, ад Бога ўстаноўлены.
2. Таму той, хто супрацівіцца ўладзе, супрацівіцца Божаму пастанаўленьню; а тыя, што супрацівяцца, самі наклічуць на сябе асуду.
3. Бо начальнікі страшныя не для добрых дзеяў, а для ліхіх. Ці хочаш не баяцца ўлады? Рабі дабро, і дастанеш пахвалы ад яе;
4. бо начальнік ёсьць Божы слуга, табе на дабро. А калі робіш зло, бойся, бо ён нездарма трымае меч: ён - Божы слуга, які помсьціць і карае таго, хто ўчыняе ліхое.
5. І таму трэба скарацца ня толькі з страху перад карай, але і з сумленьня.
6. На тое вы і падаткі плаціце; бо яны Божыя слугі, за гэтым пільна дасочваюць.
7. Дык вось, аддавайце кожнаму належнае; каму падатак, падатак; каму мыта, мыту; каму страх, страх; каму гонар, гонар.
8. Не заставайцеся запазычанцамі нікому ні ў чым, акрамя ўзаемнай любові; бо хто любіць другога, выканаў закон.
9. Бо запаведзі: не распусьнічай, не забівай, ня крадзь, ня сьведчы ілжыва, не зажадай чужога, і ўсе іншыя ляжаць у гэтым слове: любі блізкага твайго, як самога сябе.
10. Любоў ня робіць блізкаму зла; дык вось любоў ёсьць выкананьне закона.

Евангельле паводле Мацьвея 12.30-37

30. Хто не са Мною, той супраць Мяне; і хто ня зьбірае са Мною, той раскідае.
31. Таму кажу вам: усякі грэх і блюзьнерства даруюцца людзям; а супраць Духа блюзьнерства не даруецца людзям;
32. калі хто скажа слова на Сына Чалавечага, даруецца яму; а калі хто скажа на Духа Сьвятога, не даруецца яму ані ў гэтым веку, ані ў будучым.
33. Альбо прызнайце дрэва добрым і плод ягоны добрым; альбо прызнайце дрэва благім і плод ягоны благім; бо па плодзе дрэва пазнаецца.
34. Выродзьдзе яхідніна! як вы можаце добрае казаць, калі вы ліхія? Бо ад лішніцы сэрца вусны маўляюць.
35. Добры чалавек з добрай скарбніцы выносіць добрае; а ліхі чалавек зь ліхой скарбніцы выносіць ліхое.
36. Кажу ж вам, што за кожнае марнае слова, якое вымавяць людзі, дадуць яны адказ у дзень судны;
37. бо паводле слоў сваіх апраўдаешся, і паводле слоў сваіх асудзішся.