Памер шрыфту
Чытаньне за 15 ліпеня 2018:


Евангельле паводле Яна 20.11-18

11. А Марыя стаяла каля магілы і плакала; і калі плакала, нахілілася да магілы
12. і бачыць двух анёлаў, у белым адзеньні сядзяць, адзін у галовах, другі каля ног, дзе ляжала Цела Ісусава.
13. І яны кажуць ёй: жанчына! чаго ты плачаш? Кажа ім: зьнесьлі Госпада майго, і ня ведаю, дзе паклалі Яго.
14. Сказаўшы гэта, абярнулася і ўбачыла - стаіць Ісус; ды не пазнала, што гэта Ісус.
15. Ісус кажа ёй: жанчына! чаго ты плачаш? каго шукаеш? Яна, думаючы, што гэта садоўнік, кажа Яму: спадару! калі ты вынес Яго, скажы мне, дзе ты паклаў Яго, і я забяру Яго.
16. Ісус кажа ёй: Марыя! Яна, абярнуўшыся, кажа Яму: Раввуні! - што азначае: Настаўнік!
17. Ісус кажа ёй: не кранайся Мяне, бо Я яшчэ ня ўзыйшоў да Айца Майго; а ідзі да братоў Маіх і скажы ім: узыходжу да Айца Майго і Айца вашага, і да Бога Майго і Бога вашага.
18. Марыя Магдаліна ідзе і абвяшчае вучням, што бачыла Госпада, і што Ён гэта сказаў ёй.

1-е пасланьне да Карынцянаў 1.10-18

10. Малю вас, браты, імем Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб усе вы гаварылі адно, і ня было паміж вамі падзелаў, а каб вы спалучаны былі ў адным духу і ў адных помыслах.
11. Бо ад дамашніх Хлоіных сталася мне вядома пра вас, браты мае, што паміж вамі ёсьць незлагадзь.
12. Я разумею тое, што ў вас кажуць: «я Паўлаў»; «я Апалосаў»; «я Кіфаў»; «а я Хрыстоў».
13. Хіба падзяліўся Хрыстос? хіба Павал крыжаваўся за вас? альбо ў імя Паўлава вы ахрысьціліся?
14. Дзякую Богу, што я нікога з вас ня хрысьціў, акрамя Крыспа і Гаія,
15. каб не сказаў хто, што я хрысьціў у імя маё.
16. Хрысьціў я таксама Сьцяпанаў дом; а ці хрысьціў я яшчэ каго, ня ведаю.
17. Бо Хрыстос паслаў мяне ня хрысьціць, а зьвеставаць, ня ў мудрасьці слова, а каб не зьнясіліць крыж Хрыстовы.
18. Бо слова пра крыж для пагібельных - юродзтва ёсьць, а нам, што ратуемся, - сіла Божая!

Евангельле паводле Мацьвея 14.14-22

14. І выйшаўшы, Ісус убачыў мноства людзей і пашкадаваў іх, і ацаліў хворых іх.
15. Калі ж зьвечарэла, прыступілі да Яго вучні Ягоныя і сказалі: пустэльная тут мясьціна, і час ужо позьні; адпусьці людзей, каб яны пайшлі ў селішчы і купілі ежы сабе.
16. Але Ісус сказаў ім: ня трэба ім ісьці, вы дайце ім есьці.
17. Яны ж кажуць Яму: у нас тут толькі пяць хлябоў і дзьве рыбіны.
18. Ён сказаў: прынясеце іх Мне сюды.
19. І загадаў народу ўзьлегчы на траву і, узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбіны, узьвёў вочы ў неба, дабраславіў, разламаў і даў хлябы вучням, а вучні -народу.
20. І елі ўсе, і наеліся; і набралі рэшты кавалкаў дванаццаць кашоў поўных;
21. а тых, што елі, было каля пяці тысяч чалавек, апроч жанчын і дзяцей.
22. І адразу прымусіў Ісус вучняў Сваіх увайсьці ў лодку і выправіцца раней за Яго на той бок, пакуль Ён адпусьціць людзей.