Памер шрыфту
Чытаньне за 16 ліпеня 2018:


1-е пасланьне да Карынцянаў 11.31-12.6

31. Бо, калі б мы судзілі самі сябе, дык бы нас ня судзілі;
32. а калі бываем суджаныя, дык караемся Госпадам, каб ня быць засуджанымі разам са сьветам.
33. А таму, браты мае, зьбіраючыся на вячэру, адзін аднаго чакайце.
34. А як хто галодны, хай есьць дома, каб зьбірацца вам не на асуджэньне. Астатняе ўладжу, калі прыйду.
1. Не хачу пакідаць вас, браты, каб ня ведалі вы і пра дары духоўныя.
2. Ведаеце, што, калі вы былі язычнікамі, дык хадзілі да безгалосых ідалаў - так, быццам вялі вас.
3. Таму маўляю вам, што ніхто, гаворачы ў Духу Божым, ня вымавіць анафэмы на Ісуса, і ніхто ня можа назваць Ісуса Госпадам, як толькі ў Духу Сьвятым.
4. Дары ёсьць розныя, а Дух адзін і той самы;
5. і служэньні розныя, а Гасподзь адзін і той самы;
6. і дзеяньні розныя, а Бог адзін і той самы, Які дзее ўсё ва ўсіх.

Евангельле паводле Мацьвея 18.1-11

1. У той час прыступілі вучні да Ісуса, кажучы: хто ж большы ў Царстве Нябесным?
2. І паклікаўшы дзіця, Ісус паставіў яго сярод іх
3. і сказаў: праўду кажу вам, калі не навернецеся і ня будзеце, як дзеці, ня ўвойдзеце ў Царства Нябеснае;
4. дык вось, хто ўпакорыцца, як гэтае дзіця, той большы ў Царстве Нябесным;
5. і хто прыме адно такое дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае;
6. а хто спакусіць аднаго з малых гэтых, што веруюць у Мяне, таму лепей было б, каб павесілі жарон млынскі на шыю яго і ўтапілі яго ў глыбіні марской.
7. Гора сьвету ад спакусаў, бо павінны прыйсьці спакусы; але гора таму чалавеку, празь якога спакусы прыходзяць.
8. Калі ж рука твая, альбо нага твая спакушае цябе, адатні яе і кінь ад сябе: лепш табе ўвайсьці ў жыцьцё бяз рукі альбо без нагі, чым зь дзьвюма рукамі і дзьвюма нагамі быць укінутым у вагонь вечны;
9. і калі вока тваё спакушае цябе, вырві яго і кінь ад сябе: лепш табе з адным вокам ў жыцьцё ўвайсьці, чым з двума вачыма быць укінутым у геену вогненную.
10. Глядзеце, не пагарджайце ніводным з малых гэтых; бо кажу вам, што анёлы іх на нябёсах заўсёды бачаць аблічча Айца Майго Нябеснага.
11. Бо прыйшоў Сын Чалавечы вышукаць і выратаваць пагіблае.