Памер шрыфту
Чытаньне за 17 ліпеня 2018:


1-е пасланьне да Карынцянаў 12.12-26

12. Бо, як цела адно, але мае многа чэлесаў, і ўсе чэлесы аднаго цела, хоць іх многа, складаюць адно цела, - так і Хрыстос.
13. Бо ўсе мы адным Духам хрысьціліся ў адно цела, Юдэі альбо Эліны, рабы альбо вольнікі, і ўсе напоены адным Духам.
14. А цела не з аднаго чэлеса, а з многіх.
15. Калі нага кажа: я не належу да цела, бо я ня рука, дык няўжо яна таму не належыць да цела?
16. І калі вуха скажа: я не належу да цела, бо я ня вока, дык няўжо яно таму не належыць да цела?
17. Калі ўсё цела - вока, дык дзе слых? Калі ўсё - слых, дык дзе нюх?
18. Бог разьмеркаваў чэлесы, кожнаму ў целе, як Яму было заўгодна.
19. А калі б усе былі адным чэлесам, дык дзе было б цела?
20. А цяпер чэлесаў многа, а цела адно.
21. Ня можа вока сказаць руцэ: ты мне не патрэбная; альбо ж таксама галава нагам: вы мне не патрэбныя.
22. Наадварот, чэлесы цела, якія здаюцца слабейшымі, намнога больш патрэбныя,
23. і якія нам здаюцца меней высакароднымі ў целе, іх мы якраз і атачаем найбольшым дбаньнем;
24. і няпрыстойныя нашыя чэлесы патрабуюць асаблівага ўпрыстойваньня, а прыстойныя нашыя чэлесы ня маюць патрэбы ў гэтым. Але Бог так суразьмерыў цела, што менш дасканаламу чэлесу наказаў большае дбаньне,
25. каб ня было падзелу ў целе, а ўсе чэлесы аднолькава рупіліся адзін пра аднаго.
26. Таму, калі пакутуе адзін чэлес, пакутуюць разам зь ім усе чэлесы; славіцца адзін чэлес, зь ім радуюцца ўсе чэлесы.

Евангельле паводле Мацьвея 18.18-22, 19.1-2, 13-15

18. Праўду кажу вам: што вы зьвяжаце на зямлі, тое будзе зьвязана на небе; ішто разьвяжаце на зямлі, тое будзе разьвязана на небе.
19. Праўду таксама кажу вам, што калі двое з вас пагодзяцца на зямлі прасіць за любую справу, дык чаго б ні папрасілі, будзе ім ад Айца Майго, Які ёсьць у нябёсах;
20. бо дзе двое альбо трое сабраныя ў імя Маё, там Я сярод іх.
21. Тады прыступіў Пётр і сказаў Яму: Госпадзе! колькі разоў дараваць брату майму, які грэшыць супроць мяне? ці да сямі разоў?
22. Кажа яму Ісус: не кажу табе: «да сямі», а да сямі разоў па семьдзесят.
[...]
1. І сталася, калі Ісус закончыў словы гэтыя, дык выйшаў з Галілеі і прыйшоў у межы Юдэйскія, па той бок Ярдана.
2. За Ім сьледам пайшло шмат людзей, і Ён ацаліў іх там.
[...]
13. Тады прыведзены былі да Яго дзеці, каб Ён усклаў на іх рукі і памаліўся; а вучні забаранялі ім.
14. Але Ісус сказаў: пусьцеце дзяцей і не заважайце ім прыходзіць да Мяне, бо такім належыць Царства Нябеснае.
15. І ўсклаўшы на іх рукі, пайшоў адтуль.