Памер шрыфту
Чытаньне за 19 ліпеня 2018:


1-е пасланьне да Карынцянаў 14.6-19

6. Цяпер, калі я прыйду да вас, браты, і пачну гаварыць незнаёмымі мовамі, дык якую дам вам карысьць, калі ня выслоўлюся вам ці то адкрыцьцём, ці пазнаньнем, ці прароцтвам, ці вучэньнем?
7. І бяздушныя рэчы, якія выдаюць гук, жалейка ці гусьлі, калі не выдаюць паасобных тонаў, як распазнаць тое, што іграюць на жалейцы ці на гусьлях?
8. І калі труба будзе выдаваць нявыразны гук, хто будзе рыхтавацца да бітвы?
9. Так, калі і вы языком вымаўляеце незразумелыя словы, дык як зразумеюць, што вы кажаце? Вы будзеце гаварыць на вецер.
10. Колькі, напрыклад, розных словаў на сьвеце, і ніводнага зь іх няма без значэньня;
11. але, калі я не разумею значэньня слоў, дык я для таго, хто гаворыць, чужаніца, і той, хто гаворыць, для мяне чужаніца.
12. Так і вы, дбаючы пра дары духоўныя, старайцеся ўзбагаціцца імі дзеля настаўленьня царквы.
13. А таму той, хто гаворыць незнаёмаю мовай, маліся за дар тлумачэньня.
14. Бо, калі я малюся на незнаёмай мове, дык, хоць дух мой і моліцца, але розум мой застаецца бяз плоду.
15. Што ж рабіць? Пачну маліцца духам, пачну маліцца і розумам; буду сьпяваць духам, буду сьпяваць і розумам.
16. Бо, калі ты будзеш дабраслаўляць духам, дык той, хто стаіць на месцы простага чалавека, як скажа «амін» на тваё дзякаваньне? Бо ён не разумее, што ты кажаш.
17. Ты добра дзякуеш, але другі не настаўляецца.
18. Дзякую Богу майму: я больш за ўсіх вас гавару мовамі;
19. але ў царкве лепей хачу пяць словаў сказаць розумам маім, каб і іншых наставіць,чым процьму словаў незнаёмаю моваю.

Евангельле паводле Мацьвея 20.17-28

17. І, уваходзячы ў Ерусалім, Ісус адвёў дванаццацёх вучняў асобна і дарогаю сказаў ім:
18. вось, мы ўзыходзім у Ерусалім, і Сын Чалавечы, выдадзены будзе першасьвятарам і кніжнікам, і засудзяць Яго на сьмерць;
19. і выдадуць Яго язычнікам на ганьбаваньне і біцьцё і крыжаваньне; і на трэйці дзень уваскрэсьне.
20. Тады прыступіла да Яго маці сыноў Зевядзеевых з сынамі сваімі, кланяючыся і чагосьці просячы ў Яго.
21. Ён жа сказаў ёй: чаго ты хочаш? Яна кажа Яму: скажы, каб селі гэтыя два сыны мае адзін праваруч, а другі леваруч ад Цябе ў Царстве Тваім.
22. Ісус сказаў у адказ: ня ведаеце, чаго просіце; ці можаце піць чару, якую Я буду піць, альбо хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, хрысьціцца? Яны кажуць Яму: можам.
23. І кажа ім: чару Маю будзеце піць, і хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, будзеце хрысьціцца; але даць сесьці ў Мяне праваруч і леваруч не ад Мяне залежыць, а каму ўгатавана Айцом Маім.
24. Пачуўшы гэта, дзесяцёра вучняў абурыліся на двух братоў.
25. Ісус жа, паклікаўшы іх, сказаў: вы ведаеце, што князі народаў пануюць над імі, і вяльможы валадараць над імі.
26. Але ня так хай будзе паміж вамі: а хто хоча між вамі большым быць, хай будзе вам слугою;
27. і хто хоча між вамі быць першым, хай будзе вам рабом;
28. бо Сын Чалавечы ня прыйшоў, каб Яму служылі, а каб паслужыць і аддаць душу Сваю як выкуп за многіх.