Памер шрыфту
Чытаньне за 20 ліпеня 2018:


1-е пасланьне да Карынцянаў 14.26-40

26. Дык што ж, браты? Калі вы сыходзіцеся, і ў кожнага з вас ёсьць псальма, ёсьць павучаньне, ёсьць мова, ёсьць адкрыцьцё, ёсьць тлумачэньне, - хай ўсё гэта будзе на настаўленьне.
27. Калі хто гаворыць незнаёмаю моваю, гаварэце двое, ці самае большае трое, і тое паасобку, а адзін хай тлумачыць.
28. Калі ж ня будзе тлумача, дык маўчы ў царкве, а гавары сабе і Богу.
29. І прарокі няхай гавораць двое ці трое, а астатнія хай разважаюць;
30. калі ж каму з тых, што сядзяць, будзе адкрыцьцё, дык першы маўчы;
31. бо ўсе адзін за адным можаце прарочыць, каб усім вучыцца і ўсім атрымліваць суцяшэньне.
32. І духі прарочыя слухаюцца прарокаў,
33. таму што Бог ня ёсьць Бог незлагадзі, а спакою. Так бывае ва ўсіх цэрквах у сьвятых.
34. Жонкі вашыя ў цэрквах няхай маўчаць; бо не дазволена ім гаварыць, а быць у паслушэнстве, як і закон кажа.
35. Калі ж яны хочуць нечагась навучыцца, хай пытаюцца пра тое дома ў мужоў сваіх; бо ня прыстойна жанчыне гаварыць у царкве.
36. Хіба ад вас выйшла слова Божае? Альбо да вас адных дайшло?
37. Калі хто лічыць сябе прарокам альбо духоўным, той хай разумее, што я пішу вам, бо гэта запаведзі Гасподнія.
38. А хто не разумее, няхай не разумее.
39. Дык вось, браты, дбайце пра тое, каб прарочыць, але не забараняйце гаварыць і мовамі;
40. толькі ўсё мае быць прыстойна і належна.

Евангельле паводле Мацьвея 21.12-14, 17-20

12. І ўвайшоў Ісус у храм Божы і выгнаў усіх тых, што прадавалі і куплялі ў храме, і сталы мяняйлаў перакуліў і ўслоны прадаўцоў галубоў,
13. і сказаў ім: напісана: «дом Мой домам малітвы назавецца»; а вы зрабілі зь яго логава разбойнікаў.
14. І прыступілі да Яго ў храме сьляпыя і кульгавыя, і Ён ацаліў іх.
[...]
17. І пакінуўшы іх, выйшаў з горада ў Віфанію і правёў там ноч.
18. А раніцай, вяртаючыся ў горад, схацеў есьці.
19. І, угледзеўшы пры дарозе адну смакоўніцу, падышоў да яе і, нічога на ёй не знайшоўшы, акрамя толькі лісьця, кажа ёй: хай ня будзе больш ад цябе плоду вавек. І адразу ўсохла смакоўніца.
20. Убачыўшы гэта, вучні зьдзівіліся і казалі: як гэта адразу ўсохла смакоўніца?