Памер шрыфту
Чытаньне за 22 ліпеня 2018:


Евангельле паводле Яна 20.19-31

19. У той самы першы дзень тыдня ўвечары, калі дзьверы дома, дзе зьбіраліся вучні Ягоныя, былі замкнутыя з апасеньня перад Юдэямі, прыйшоў Ісус і стаў пасярод, і кажа ім: мір вам!
20. Сказаўшы гэта, Ён паказаў ім рукі і ногі і рэбры Свае. Вучні ўзрадаваліся, убачыўшы Госпада.
21. А Ісус сказаў ім другі раз: мір вам! як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас.
22. Сказаўшы гэта, дзьмухнуў, і кажа ім: прымеце Духа Сьвятога:
23. каму даруеце грахі, таму даруюцца: на кім пакінеце, на тым застануцца.
24. А Тамаш, адзін з дванаццацёх, называны Блізьнюк, ня быў тут зь імі, калі прыходзіў Ісус.
25. Другія вучні сказалі яму: мы бачылі Госпада. Але ён сказаў ім: калі ня ўбачу на руках у Яго ранаў ад цьвікоў, і не ўкладу пальца майго ў раны ад цьвікоў, і ня ўкладу рукі маёй у рэбры Ягоныя, не паверу.
26. Праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя, і Тамаш зь імі. Прыйшоў Ісус, калі дзьверы былі замкнутыя, стаў пасярод іх і сказаў: мір вам!
27. Потым кажа Тамашу: падай палец твой сюды і паглядзі рукі Мае; падай руку тваю і ўкладзі ў рэбры Мае; і ня будзь недаверкам, а вернікам.
28. Тамаш сказаў Яму ў адказ: Госпадзе мой і Божа мой!
29. Ісус кажа яму: ты паверыў таму, што ўбачыў Мяне; дабрашчасныя тыя, што ня бачыўшы - паверылі.
30. Многа стварыў Ісус перад вучнямі Сваімі і іншых цудаў, пра якія не напісана ў кнізе гэтай;
31. а гэта напісана, каб вы ўверавалі, што Ісус ёсьць Хрыстос, Сын Божы, і, веруючы, мелі жыцьцё вечнае ў імя Ягонае.

1-е пасланьне да Карынцянаў 3.9-17

9. Бо мы супрацоўнікі ў Бога; а вы Божая ніва, Божая будова.
10. Я, па дадзенай мне ад Бога мілаце, як мудры будаўнік, заклаў падмурак, а другі будуе на ім: але кожны ўважай, як будуе.
11. Бо ніхто ня можа закласьці іншага падмурка, акрамя закладзенага, які ёсьць Ісус Хрыстос.
12. Ці будуе хто на гэтым падмурку з золата, срэбра, каштоўных камянёў, дрэва, сена, саломы,
13. дзея кожнага выявіцца: бо дзень пакажа; таму што ў вагні выкрываецца, і вагонь выпрабоўвае дзею кожнага, якая яна ёсьць.
14. У каго дзея, якую ён будаваў, выстаіць, той атрымае ўзнагароду;
15. а ў каго дзея згарыць, той мецьме шкоду; урэшце сам уратуецца, але так, як бы з вагню.
16. Хіба ня ведаеце, што вы храм Божы, і Дух Божы жыве ў вас?
17. Калі хто абкрадзе сьвятыню Божую, таго пакарае Бог, бо сьвятыня Божая сьвятая; і гэтая сьвятыня - вы.

Евангельле паводле Мацьвея 14.22-34

22. І адразу прымусіў Ісус вучняў Сваіх увайсьці ў лодку і выправіцца раней за Яго на той бок, пакуль Ён адпусьціць людзей.
23. І адпусьціўшы людзей, Ён узышоў на гару сам-насам памаліцца; і калі зьвечарэла, застаўся там адзін.
24. А лодка была ўжо на сярэдзіне мора, і яе біла хвалямі, бо вецер быў супраціўны.
25. А ў чацьвёртую варту ночы пайшоў да іх Ісус, ідучы па моры.
26. І вучні, убачыўшы Яго, што ішоў Ён па моры, сумеліся і казалі: гэта прывід; і ад страху закрычалі.
27. Але Ісус адразу загаварыў зь імі і сказаў: падбадзёрцеся; гэта Я, ня бойцеся.
28. Пётр сказаў Яму ў адказ: Госпадзе! калі гэта Ты, загадай мне прыйсьці да Цябе па вадзе.
29. А Ён сказаў: ідзі. І выйшаўшы з лодкі, Пётр пайшоў па вадзе, каб падысьці да Ісуса.
30. але, бачачы моцны вецер, спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў: Госпадзе! уратуй мяне.
31. Ісус адразу, працягнуўшы руку, падтрымаў яго і кажа яму: малаверны! навошта ты засумняваўся?
32. І калі ўвайшлі яны ў лодку, вецер аціх.
33. А тыя, што ў лодцы былі, падышлі, пакланіліся Яму і сказалі: сапраўды, Ты Сын Божы.
34. І пераправіўшыся, прыбылі ў зямлю Генісарэцкую.