Памер шрыфту
Чытаньне за 24 ліпеня 2018:


1-е пасланьне да Карынцянаў 15.29-38

29. Інакш, што робяць тыя, якія прымаюць хрышчэньне для мёртвых? Калі мёртвыя наогул не ўваскрасаюць, дык навошта і прымаюць хрышчэньне для мёртвых?
30. Навошта ж і мы ўвесь час падупадаем небясьпецы?
31. Я кожны дзень паміраю; прысягаю ў гэтым пахвалою вашаю, браты, якую я маю ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.
32. Разважыўшы па-людзку, калі я змагаўся са зьвярамі ў Эфэсе, якая мне карысьць, калі мёртвыя не ўваскрасаюць? Будзем есьці і піць, бо заўтра памрэм.
33. Не давайцеся ў зман; дрэнныя суполькі псуюць добрыя норавы.
34. Працьверазецеся, як трэба, і не грашэце; бо на сорам вам кажу - некаторыя з вас ня ведаюць Бога.
35. Але скажа хто-небудзь: як уваскрэснуць мёртвыя? і ў якім целе яны прыйдуць?
36. Неразумны! тое, што ты сееш, не ажыве, калі не памрэ;
37. і калі ты сееш, дык сееш ня цела будучае, а голае зерне, якое будзе, пшанічнае або іншае якое;
38. але Бог дае яму цела як хоча, і кожнаму семені сваё цела.

Евангельле паводле Мацьвея 21.23-27

23. І калі прыйшоў Ён у храм і вучыў, падступіліся да Яго першасьвятары і старэйшыны народу і сказалі: якою ўладаю Ты гэта робіш? і хто Табе даў такую ўладу?
24. Ісус сказаў ім у адказ: папытаюся і Я ў вас адно; калі пра тое скажаце Мне, і Я вам скажу, якою ўладаю гэта раблю.
25. Хрышчэньне Янава адкуль было: зь нябёсаў, ці ад людзей? яны ж разважалі паміж сабою: калі скажам: «зь нябёсаў», дык Ён скажа нам: «чаму ж вы не паверылі яму?»,
26. а калі скажам: «ад людзей», - баімося народу, бо ўсе ўважаюць Яна за прарока.
27. І сказалі ў адказ Ісусу: ня ведаем. Сказаў ім Ён: і Я вам не скажу, якою ўладаю гэта раблю.