Памер шрыфту
Чытаньне за 26 ліпеня 2018:


2-е пасланьне да Карынцянаў 1.1-7

1. Павал, з волі Божае апостал Ісуса Хрыста, і Цімафей брат Царкве Божай у Карынфе з усімі сьвятымі па ўсёй Ахаіі:
2. мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
3. Дабраславёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Айцец міласэрнасьці і Бог усякага суцяшэньня,
4. Які суцяшае нас ва ўсякай маркоце нашай, каб і мы маглі суцяшаць усіх замаркочаных тым суцяшэньнем, якім Бог суцяшае нас саміх!
5. Бо як памнажаюцца ў нас цярпеньні Хрыстовыя, памнажаецца Хрыстом і суцяшэньне нашае.
6. Калі церпім смуткі мы, церпім дзеля вашага суцяшэньня і ўратаваньня, якое адбываецца празь цярпеньне такіх самых пакутаў, якія і мы церпім;
7. і надзея наша на вас цьвёрдая. Ці суцяшаемся мы, суцяшаемся дзеля вашага суцяшэньня і ўратаваньня, ведаючы, што вы маеце долю як у цярпеньнях нашых, так і ў суцяшэньні.

Евангельле паводле Мацьвея 21.43-46

43. Таму кажу вам, што адымецца ад вас Царства Божае, і дадзена будзе народу, які прыносіць плады ягоныя.
44. І той, хто ўпадзе на гэты камень, разаб'ецца; а на каго ён упадзе, таго раздушыць.
45. І чуючы прытчы Ягоныя, першасьвятары і фарысэі зразумелі, што Ён пра іх гаворыць;
46. і памыкаліся схапіць Яго; але пабаяліся люду, бо Яго ўважалі за прарока.