Памер шрыфту
Чытаньне за 30 ліпеня 2018:


2-е пасланьне да Карынцянаў 2.4-15

4. Ад вялікае скрухі і прыгнечанага сэрца я пісаў вам зь вялікімі сьлязьмі не на тое, каб засмуціць вас, а каб вы спазналі любоў, якое я маю багата да вас!
5. А калі хто засмуціў, дык не мяне засмуціў, а часткова - каб не сказаць многа - і ўсіх вас.
6. Такому досыць і гэтае кары ад многіх,
7. так што вам лепей ужо дараваць яму і пашкадаваць яго, каб не апанаваў яго надта вялікі смутак,
8. і таму прашу вас не абысьці яго любоўю.
9. На тое бо я і пісаў, каб выпрабаваць вас, ці ва ўсім вы паслухмяныя.
10. А каму вы ў чым даруеце, таму і я; бо і я, калі каму ў чым дараваў, дараваў дзеля вас у імя Хрыстовае,
11. каб не зрабіў нам шкоды сатана; бо нам вядомы ягоныя намыслы.
12. Прыйшоўшы ў Трааду для зьвеставаньня пра Хрыста, хоць мне і адчынены дзьверы былі Госпадам,
13. я ня меў спакою духу майму, бо не знайшоў там брата майго Ціта; а разьвітаўшыся зь імі, я пайшоў у Македонію.
14. Але дзякаваць Богу, Які заўсёды дае нам перамогу ў Хрысьце і духмянасьць ведаў пра Сябе пашырае праз нас у кожнай мясьціне.
15. Бо мы Хрыстовая духмянасьць Богу ў тых, што ратуюцца і што гінуць.

Евангельле паводле Мацьвея 23.13-22

13. Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што зачыняеце Царства Нябеснае перад людзьмі; бо самі не ўваходзіце, і тых, што ўваходзяць, ня пускаеце ўвайсьці.
14. Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што паядаеце дамы ўдоваў і напаказ доўга моліцеся: за тое прымеце тым большую асуду.
15. Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што праходзіце мора і сушу, каб прыдбаць хоць аднаго нававерца; і калі гэта здараецца, робіце яго сынам геены, двойчы горшым за вас.
16. Гора вам, павадыры сьляпыя, што кажаце: «калі хто прысягне храмам, дык нічога; а калі прысягне золатам храма, дык вінаваты».
17. Неразумныя і сьляпыя! што большае: золата, ці храм, які асьвячае золата?
18. і: «калі хто прысягне ахвярнікам, дык нічога; а калі прысягне дарам, які на ім, дык вінаваты».
19. Неразумныя і сьляпыя! што большае: дар, ці ахвярнік, які асьвячае дар?
20. Дык вось, хто прысягне ахвярнікам, прысягае ім і ўсім, што на ім;
21. і той, што прысягае храмам, прысягае ім і Тым, Хто жыве ў ім;
22. і той, хто прысягае небам, прысягае тронам Божым і Тым, Хто сядзіць на ім.