Памер шрыфту
Чытаньне за 31 ліпеня 2018:


2-е пасланьне да Карынцянаў 2.14-3.3

14. Але дзякаваць Богу, Які заўсёды дае нам перамогу ў Хрысьце і духмянасьць ведаў пра Сябе пашырае праз нас у кожнай мясьціне.
15. Бо мы Хрыстовая духмянасьць Богу ў тых, што ратуюцца і што гінуць.
16. Адным - водар сьмертаносны на сьмерць, а другім - водар жыўнасны на жыцьцё! І хто здольны на гэта?
17. Мы не прадаём слова Божага, як многія, а прапаведуем шчыра, як ад Бога, перад Богам, у Хрысьце.
1. Ці не пачаць нам нанава знаёміцца з вамі? Няўжо патрэбныя нам, як некаторым, пахвальныя лісты да вас альбо ад вас?
2. Вы - нашае пісьмо, напісанае ў сэрцах нашых, пазнаванае і чытанае ўсімі людзьмі;
3. вы паказваеце сабою, што вы - пісьмо Хрыстовае, праз служэньне наша напісанае не чарнілам, а Духам Бога Жывога, не на скрыжалях каменных, а на плоцкіх скрыжалях сэрца.

Евангельле паводле Мацьвея 23.23-28

23. Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што даяце дзесяціну зь мяты, анісу і кмену, і адкінулі важнейшае ў законе: суд, міласьць і веру; гэта трэба было рабіць, і таго не пакідаць.
24. Павадыры сьляпыя, што адцэджваеце камара, а вярблюда праглынаеце!
25. Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што ачышчаеце зьнешнасьць кубка і місы, а ўсярэдзіне яны поўныя пахапнасьці і няпраўды.
26. Фарысэй сьляпы! ачысьці сьпярша сярэдзіну кубка і місы, каб чыстая была ізьнешнасьць іхняя.
27. Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што прыпадабняецеся да павапленых магіл, якія звонку здаюцца прыгожымі, а ўсярэдзіне поўныя касьцей мёртвых і ўсякага бруду;
28. так і вы зьнешне здаяцеся людзям праведнымі, а ўсярэдзіне поўныя крывадушнасьці і беззаконьня.