Памер шрыфту
Чытаньне за 2 жніўня 2018:


2-е пасланьне да Карынцянаў 4.1-6

1. Вось чаму, маючы зь міласьці Божай такое служэньне, мы не маркоцімся;
2. але, адкінуўшы тайныя ганебныя справы, ня хітруючы і не скажаючы слова Божага, а адкрываючы праўду, аддаём сябе сумленьню кожнага чалавека перад Богам.
3. Калі ж і заслонена зьвеставаньне наша, дык заслонена тым, якія гінуць,
4. нявернікам, якім бог веку гэтага зацьміў розум, каб ім ня зьзяла сьвятло зьвеставаньня пра славу Хрыста, Які ёсьць вобраз Бога нябачнага.
5. Бо мы не сябе прапаведуем, а Хрыста Ісуса, Госпада; а мы - нявольнікі вашыя дзеля Ісуса,
6. таму што Бог, які сказаў зазьзяць зь цемры сьвятлу, азарыў нашыя сэрцы, каб прасьвятліць нас пазнаньнем славы Божай у асобе Ісуса Хрыста.

Евангельле паводле Мацьвея 24.13-28

13. а хто выцерпіць да канца, уратуецца.
14. І абвешчана будзе гэтае Дабравесьце Царства па ўсім сьвеце, на сьведчаньне ўсім народам; і тады прыйдзе канец.
15. Дык вось, калі ўгледзіце брыдоту спусташэньня, пра якую сказана праз прарока Данііла, якая паўстане на сьвятым месцы, - хто чытае, хай разумее, -
16. тады хто будзе ў Юдэі, хай уцякаюць у горы;
17. і хто на даху, той хай ня сыходзіць узяць што-небудзь з дома свайго;
18. і хто ў полі, той хай не вяртаецца назад, каб узяць вопратку сваю.
19. Гора ж цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі ў тыя дні!
20. Малецеся, каб ня сталіся ўцёкі вашы зімою, альбо ў суботу;
21. бо тады будзе вялікі смутак, якога ня было ад пачатку сьвету да сёньня, іня будзе.
22. І калі б не скараціліся тыя дні, дык не ўратавалася б ніякая плоць; але дзеля выбраных скароцяцца тыя дні.
23. Тады калі хто скажа вам: «вось, тут Хрыстос», альбо «там», - ня верце;
24. бо паўстануць ілжэхрысты ды ілжэпрарокі і дадуць азнакі і вялікія цуды, каб увесьці ў зман, калі ўдасца, і выбраных.
25. Вось, Я наперад сказаў вам.
26. Значыцца, калі скажуць вам: «вось Ён у пустыні», - ня выходзьце; «вось, Ён у патайных пакоях», - ня верце;
27. бо, як маланка бліскае з усходу і відна бывае аж да захаду, такі будзе прыход Сына Чалавечага;
28. бо дзе будзе труп, там зьбяруцца арлы.