Памер шрыфту
Чытаньне за 3 жніўня 2018:


2-е пасланьне да Карынцянаў 4.13-18

13. Але, маючы той самы дух веры, як напісана: «я вераваў і таму гаварыў», і мы веруем, таму і гаворым,
14. ведаючы, што Той, Хто ўваскрэсіў Госпада Ісуса, уваскрэсіць празь Ісуса і нас і паставіць перад Сабою з вамі.
15. Бо ўсё дзеля вас, каб багацьце мілаты тым большую ў многіх нарадзіла ўдзячнасьць на славу Божую.
16. Таму мы не маркоцімся; але калі вонкавы наш чалавек і тлее, дык унутраны - дзень у дзень абнаўляецца,
17. бо нядоўгая лёгкая пакута наша нараджае ў бязьмерным багацьці вечную славу,
18. калі мы глядзім не на бачнае, а на нябачнае: бо бачнае - часовае, а нябачнае - вечнае!

Евангельле паводле Мацьвея 24.27-33, 42-51

27. бо, як маланка бліскае з усходу і відна бывае аж да захаду, такі будзе прыход Сына Чалавечага;
28. бо дзе будзе труп, там зьбяруцца арлы.
29. І раптам, пасьля смутку дзён тых, сонца памеркне, і месяц ня дасьць сьвятла свайго, і зоркі спадуць зь неба, і сілы нябесныя пахіснуцца;
30. і тады зьявіцца азнака Сына Чалавечага на небе; і тады заплачуць усе плямёны зямныя і ўбачаць Сына Чалавечага, Які будзе ісьці на аблоках нябесных зь сілаю і славаю вялікай;
31. і пашле анёлаў Сваіх з трубою громагучнаю, і зьбяруць выбраных Ягоных ад чатырох вятроў, ад краю нябёсаў да краю іх.
32. Ад смакоўніцы вазьмеце падабенства: калі гольле яе ўжо мякчэе і пускае лісьце, ведаеце, што блізка лета;
33. так і вы, калі ўбачыце ўсё гэта, ведайце, што блізка, пры дзьвярах.
[...]
42. Дык чувайце ж, бо ня ведаеце, у якую гадзіну Гасподзь ваш прыйдзе.
43. Але гэта вы знаеце, што калі б ведаў гаспадар дома, у якую варту прыйдзе злодзей, дык чуваў бы і ня даў бы падкапаць дома свайго.
44. Таму і вы будзьце гатовыя, бо ў якую гадзіну ня думаеце, Сын Чалавечы прыйдзе.
45. Хто ж верны і разумны раб, якога гаспадар ягоны паставіў над слугамі сваімі, каб даваў ім ежу ў свой час?
46. Дабрашчасны той раб, якога гаспадар ягоны, прыйшоўшы застане, што робіць так;
47. праўду кажу вам, што над усім маёнткам сваім паставіць яго.
48. А калі скажа ліхі раб той у сэрцы сваім: «ня хутка прыйдзе гаспадар мой»,
49. і пачне біць субратоў сваіх, і есьці і піць з п’яніцамі, -
50. дык прыйдзе гаспадар раба таго ў дзень, у які ён не чакае, і ў гадзіну, у якую ня ведае,
51. і разатне яго напалам, і вызначыць яму аднолькавую долю з крывадушнікамі: там будзе плач і скрыгат зубоў.