Памер шрыфту
Чытаньне за 4 жніўня 2018:


1-е пасланьне да Карынцянаў 1.3-9

3. мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
4. Не перастаю дзякаваць Богу майму за вас, дзеля мілаты Божай, дадзенай вам у Хрысьце Ісусе.
5. Бо ў Ім вы ўзбагаціліся ўсім, усякім словам і ўсякім разуменьнем,
6. бо сьведчаньне Хрыстовае сьцьвердзілася ў вас,
7. так што вы ня маеце нястачы ні ў якім дараваньні, чакаючы зьяўленьня Госпада нашага Ісуса Хрыста,
8. Які і ўмацуе вас да канца, каб вам быць бязьвіннымі ў дзень Госпада нашага Ісуса Хрыста.
9. Верны Бог, Якім вы пакліканыя да супольнасьці з Сынам Ягоным, Ісусам Хрыстом, Госпадам нашым.

Евангельле паводле Мацьвея 19.3-12

3. І падступіліся да Яго фарысэі і, спакушаючы Яго, казалі Яму: ці з усякай прычыны дазволена чалавеку разводзіцца з жонкай сваёю?
4. Ён сказаў ім у адказ: ці ня чыталі вы, што Творца спачатку стварыў іх мужчынаю і жанчынаю?
5. І сказаў: таму пакіне чалавек бацьку і маці і прылепіцца да жонкі сваёй, ібудуць двое плоцьцю адною,
6. так што яны ўжо ня двое, а адна плоць. Значыцца, што Бог злучыў, таго чалавек хай не разлучае.
7. Яны кажуць Яму: як жа Майсей запаведаў даваць разводны ліст і разводзіцца зь ёю?
8. Ён кажа ім: Майсей, з прычыны жорсткага сэрца вашага, дазволіў вам разводзіцца з жонкамі вашымі; а спачатку ня было так.
9. Але Я кажу вам: хто разьвядзецца з жонкаю сваёю не за распусту і ажэніцца з другою, той чыніць пералюб; і хто ажэніцца з разьведзенай, пералюб чыніць.
10. Кажуць Яму вучні Ягоныя: калі такі абавязак чалавека перад жонкаю, дык лепш не жаніцца.
11. А Ён сказаў ім: ня ўсе разумеюць слова гэтае, а каму дадзена,
12. бо ёсьць скапцы, якія з лона матчынага нарадзіліся так; і ёсьць скапцы, якія выпакладаны людзьмі; і ёсьць скапцы, якія зрабілі самі сябе скапцамі дзеля Царства Нябеснага. Хто можа ўцяміць, няхай уцяміць.