Памер шрыфту
Чытаньне за 5 жніўня 2018:


Евангельле паводле Яна 21.15-25

15. І калі яны абедалі, Ісус кажа Сымону Пятру: Сымоне Ёнін! ці любіш ты Мяне больш, чым яны? Пётр кажа Яму: так, Госпадзе! Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Ісус кажа яму: пасьві ягняты Мае.
16. Яшчэ кажа яму другі раз: Сымоне Ёнін! ці любіш ты Мяне? Пётр кажа Яму: так, Госпадзе! Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Ісус кажа яму: пасьві авечкі мае.
17. Кажа яму трэйці раз: Сымоне Ёнін! ці любіш ты Мяне? Пятра замаркоціўся, што трэйці раз спытаўся ў яго: «ці любіш Мяне?» і сказаў Яму: Госпадзе! Ты ўсё ведаеш; Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Ісус кажа яму: пасьві авечкі Мае;
18. праўду, праўду кажу табе: калі ты быў малады, дык апаясваўся сам і хадзіў, куды хацеў; а калі састарышся, дык выцягнеш рукі твае, і другі апаяша цябе і павядзе, куды ня хочаш.
19. А сказаў гэта, даючы зразумець, якою сьмерцю Пётр праславіць Бога. І, сказаўшы гэта, кажа яму: ідзі за Мною.
20. А Пётр, абярнуўшыся, бачыць - за ім ідзе вучань, якога любіў Ісус, і які на вячэры, на грудзі яму схіліўшыся, сказаў: Госпадзе! хто цябе прадасьць?
21. Яго ўбачыўшы, Пётр кажа Ісусу: Госпадзе! а ён што?
22. Ісус кажа яму: калі Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль прыйду, што табе да таго? ты ідзі за Мною.
23. І пранеслася гэтае слова паміж братамі, што вучань той не памрэ. Але Ісус не сказаў яму, што не памрэ, а: калі Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль прыйду, што табе да таго?
24. Гэты вучань і сьведчыць пра гэта і напісаў гэта: і ведаем, што ў ісьціне сьведчаньне ягонае.
25. Многа й іншага стварыў Ісус; але калі б пісаць пра тое падрабязна, дык, думаю, і самому сьвету не ўвабраць напісаных кніг. Амін.

1-е пасланьне да Карынцянаў 9.2-12

2. Калі іншым я не апостал, дык для вас апостал, бо пячаць майго апостальства - вы ў Госпадзе.
3. Вось мая абарона супроць асуднікаў маіх.
4. Альбо мы ня маем улады есьці і піць?
5. Альбо ня маем улады мець спадарожніцаю сястру жонку, як і астатнія апосталы, і браты Гасподнія, і Кіфа?
6. Альбо адзін я і Варнава ня маем улады не працаваць?
7. Які ваяр служыць калі-небудзь сваім коштам? Хто, пасадзіўшы вінаград, ня есьць пладоў яго? Хто, пасучы статак, ня есьць малака ад статку?
8. Ці толькі па людзкой развазе я гэта кажу? Ці ня тое самае кажа і закон?
9. Бо ў Майсеевым законе напісана: «ня цугляй мызу валу, які малоціць». Ці пра валоў дбае Бог?
10. Альбо, можа, нам гаворыцца? Так, нам гэта напісана; бо, хто арэ, павінен араць з надзеяю, і хто малоціць, павінен малаціць з надзеяю атрымаць спадзяванае.
11. Калі мы пасеялі ў вас духоўнае, дык ці вялікае тое, калі пажнём у вас цялеснае?
12. Калі іншыя маюць у вас уладу, дык ці ня болей мы? Але мы не карысталіся гэтай уладай, а ўсё пераносім, каб не паставіць якое перашкоды зьвеставаньню Хрыстоваму.

Евангельле паводле Мацьвея 18.23-35

23. Таму Царства Нябеснае падобнае на цара, які захацеў зрахавацца з рабамі сваімі.
24. Калі ён пачаў рахавацца, прывялі да яго аднаго, хто быў вінен яму дзесяць тысяч талянтаў;
25. а як ён ня меў, чым заплаціць, дык уладар ягоны загадаў прадаць яго, і жонку ягоную, і дзяцей, і ўсё, што ён меў, і заплаціць.
26. Тады раб той упаў і, кланяючыся яму, казаў: «уладару! пацярпі на мне, і ўсё табе заплачу».
27. Уладар, зьлітаваўшыся з раба таго, адпусьціў яго і доўг дараваў яму.
28. А раб той, выйшаўшы, знайшоў аднаго з субратоў сваіх, які вінен яму быў сто дынараў, і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: «аддай мне, што вінен».
29. Тады субрат ягоны ўпаў да ног яму, умольваў яго і казаў: «пацярпі на мне, і ўсё аддам табе».
30. Але той не схацеў, а пайшоў і ўвязьніў яго ў цямніцу, пакуль не аддасьць доўгу.
31. Субраты ягоныя, убачыўшы тое, засмуціліся вельмі, і прыйшоўшы расказалі ўладару свайму пра ўсё, што было.
32. Тады ўладар ягоны заклікае яго і кажа: «ліхі раб, увесь доўг той я дараваў табе, бо ўпрасіў ты мяне;
33. ці ня варта было і табе памілаваць субрата твайго, як і я цябе памілаваў?».
34. І, угневаўшыся, уладар ягоны аддаў яго кбтам, пакуль не аддасьць яму ўсяго доўгу свайго.
35.Так і Айцец Мой Нябесны зробіць з вамі, калі не даруеце кожны брату свайму ад сэрца свайго правінаў ягоных.