Памер шрыфту
Чытаньне за 7 жніўня 2018:


2-е пасланьне да Карынцянаў 5.15-21

15. А Хрыстос за ўсіх памёр, каб тыя, што жывуць, ужо ня дзеля сябе жылі, а дзеля памерлага за іх і ўваскрэслага.
16. Таму ад сёньня мы нікога ня ведаем па плоці; калі ж і ведалі Хрыста па плоці, дык сёньня ўжо ня ведаем.
17. Дык вось, хто ў Хрысьце, той новае стварэньне; старажытнае мінула, цяпер усё новае.
18. А ўсё ад Бога, Які Ісусам Хрыстом прымірыў нас з Сабою і даў нам служэньне прымірэньня,
19. таму што Бог у Хрысьце прымірыў з Сабою сьвет, ня ставячы людзям у віну злачынстваў іхніх, і даў нам слова прымірэньня.
20. Вось мы - пасланыцы ў імя Хрыстовае, і як бы сам Бог умаўляе праз нас, у імя Хрыстовае просім: замірэцеся з Богам!
21. Бо Таго, Хто ня ведаў грэху, Ён зрабіў нам ахвяраю за грэх, каб мы ў Ім зрабіліся праведнымі перад Богам.

Евангельле паводле Марка 1.16-22

16. А праходзячы каля мора Галілейскага, убачыў Сымона і Андрэя, брата ягонага, якія закідвалі мярэжы ў мора, бо яны былі рыбакі.
17. І сказаў ім Ісус: ідзеце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей.
18. І яны адразу, пакінуўшы мярэжы свае, пайшлі за Ім.
19. І прайшоўшы адтуль далей, Ён угледзеў Якава Зевядзеевага і Яна, брата ягонага, таксама ў лодцы; яны ладзілі мярэжы,
20. і адразу заклікаў іх. І яны, пакінуўшы бацьку свайго Зевядзея ў лодцы з работнікамі, пайшлі за Ім.
21. І прыходзяць у Капернаум; і неўзабаве ў суботу ўвайшоў Ён у сынагогу і вучыў.
22. І зьдзіўляліся з вучэньня Ягонага, бо Ён вучыў іх як той, хто ўладу мае, а не як кніжнікі.