Памер шрыфту
Чытаньне за 8 жніўня 2018:


2-е пасланьне да Карынцянаў 6.11-16

11. Вусны нашыя адкрытыя вам, Карынфяне, сэрца нашае расшырана.
12. Вам ня цесна ў нас; а ў сэрцах вашых цесна.
13. Такою ж роўнаю мераю - кажу вам, як дзецям, - зрабеце і вашае сэрца шырокім!
14. Ня ўгінайцеся пад чужое ярмо зь нявернымі. Бо што супольнага ў праведнасьці зь беззаконьнем? што супольнага ў сьвятла зь цемраю?
15. Якая згода паміж Хрыстом і Вэліярам? Альбо якая саўдзельнасьць у верніка зь няверным?
16. Якая агульнасьць храма Божага зь ідаламі? Бо вы храм Бога Жывога, як сказаў Бог: «усялюся ў іх і буду хадзіць у іх; і буду іхнім Богам, і яны будуць Маім народам».

Евангельле паводле Марка 1.23-28

23. У сынагозе іхняй быў чалавек, апанаваны духам нячыстым, і закрычаў:
24. кінь, што Табе да нас, Ісусе Назаранін? Ты прыйшоў пагубіць нас! ведаю Цябе, хто Ты, Сьвяты Божы.
25. Але Ісус загразіў яму, кажучы: змоўкні і выйдзі зь яго.
26. Тады дух нячысты, скалануўшы яго і закрычаўшы зычным голасам, выйшаў зь яго.
27. І жахнуліся ўсе, і пыталіся адзін у аднаго: што гэта? што гэта за вучэньне новае, што Ён і духам нячыстым загадвае і яны слухаюцца Яго.
28. І хутка разышлася пра Яго пагалоска па ўсіх землях вакол Галілеі.