Памер шрыфту
Чытаньне за 9 жніўня 2018:


2-е пасланьне да Карынцянаў 7.1-10

1. І вось, любасныя, маючы такія абяцаньні, ачысьцім сябе ад усякае паганасьці плоці і духу, творачы сьвятыню ў страху Божым.
2. Дайце месца нам: мы нікога не пакрыўдзілі, і нікому не нашкодзілі, ні ад кога не дамагаліся карысьці.
3. Не на асуду кажу; бо я раней сказаў, што вы ў сэрцах нашых, так каб разам і памерці і жыць.
4. Я шмат спадзяюся на вас, шмат хвалюся вамі; я поўны ўцехі, узбагачаюся радасьцю пры ўсёй журбе нашай.
5. Бо, калі прыйшлі мы ў Македонію, цела наша ня мела ніякага спакою, а мы былі ўціснутыя адусюль: звонку - напады, усярэдзіне - страхі.
6. Але Бог, суцешнік пакорлівых, суцешыў нас Цітавым прыходам
7. і ня толькі прыходам яго, але і ўцехаю, якою ён суцяшаўся за вас, расказваючы нам пра вашую руплівасьць, пра ваш плач, пра вашае дбаньне за мяне, так што радасьць мая яшчэ збольшылася.
8. А таму, калі я засмуціў вас пасланьнем, не шкадую, хоць і пашкадаваў быў; бачу, што пасланьне тое засмуціла вас, хоць і часова.
9. Цяпер я радуюся не таму, што вы засмуціліся, а таму, што вы засмуціліся на пакаяньне; бо засмуціліся дзеля Бога, так што зусім ня зьведалі праз нас шкоды.
10. Бо смутак дзеля Бога прыносіць нязьменнае пакаяньне на збавеньне; а смутак зямны чыніць сьмерць.

Евангельле паводле Марка 1.29-35

29. Выйшаўшы неўзабаве з сынагогі, прыйшлі ў дом Сымона і Андрэя зь Якавам іЯнам.
30. А Сымонава цешча ляжала ў гарачцы; і адразу кажуць Яму пра яе.
31. Падышоўшы, Ён падняў яе, узяў яе за руку; і гарачка адразу пакінула яе, іяна пачала слугаваць ім.
32. А як зьмяркалася, калі заходзіла сонца, прыносілі да Яго ўсіх хворых і апанаваных дэманамі.
33. І ўвесь горад сабраўся да дзьвярэй.
34. І Ён ацаліў многіх, што цярпелі ад розных хваробаў; выгнаў шмат дэманаў іне дазваляў дэманам гаварыць, бо яны ведалі, што Ён Хрыстос.
35. А нараніцу, устаўшы на досьвітку, выйшаў і пайшоў у пустэльнае месца, і там маліўся.