Памер шрыфту
Чытаньне за 10 жніўня 2018:


2-е пасланьне да Карынцянаў 7.10-16

10. Бо смутак дзеля Бога прыносіць нязьменнае пакаяньне на збавеньне; а смутак зямны чыніць сьмерць.
11. Бо тое, што вы засмуціліся дзеля Бога, глядзеце, якую абудзіла ў вас руплівасьць, якія перапросіны, якую абуранасьць вінаватымі, які страх, якое жаданьне, якую дбайнасьць, якое спагнаньне! І ва ўсім вы паказалі сябе чыстымі ў гэтай справе.
12. Дык вось, калі я пісаў вам, дык ня дзеля зьняважніка і ня дзеля зьняважанага, а каб вам адкрыўся наш пільны клопат пра вас перад Богам.
13. Таму мы суцешыліся ўцехаю вашай; а яшчэ болей узрадаваныя мы Цітавай радасьцю, што вы ўсе супакоілі дух ягоны;
14. і вось, я не застаўся пасаромлены, калі трохі пахваліўся вамі перад ім; але як што вам мы гаварылі ўсю праўду, так і перад Цітам пахвала наша аказалася праўдзіваю;
15. і сэрца ягонае вельмі прыхільнае да вас, калі згадвае ён пакорлівасьць вашу, як вы яго прынялі былі са страхам і трымценьнем.
16. І вось радуюся, што ва ўсім магу пакласьціся на вас.

Евангельле паводле Марка 2.18-22

18. Вучні Янавыя і фарысэйскія пасьцілі. Прыходзяць да Яго і кажуць: чаму вучні Янавыя і фарысэйскія посьцяць, а Твае вучні ня посьцяць?
19. І сказаў ім Ісус: ці могуць пасьціць сыны харомаў шлюбных, калі зь імі малады? Пакуль зь імі малады, ня могуць пасьціць;
20. але прыйдуць дні, калі адымецца ў іх малады, і тады будуць пасьціць у тыя дні.
21. Ніхто да старое адзежыны ня прышывае латкі зь нябеленага палатна: інакш зноў прышытае аддзярэцца ад старога, і дзірка будзе яшчэ горшая.
22. Ніхто ня ўлівае віна маладога ў мяхі старыя: інакш маладое віно парве мяхі, і віно выцеча, і мяхі прападуць; а віно маладое трэба ўліваць у мяхі новыя.