Памер шрыфту
Чытаньне за 12 жніўня 2018:


Евангельле паводле Мацьвея 28.16-20

16. Адзінаццаць жа вучняў пайшлі ў Галілею, на гару, куды загадаў ім Ісус;
17. і, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму; а другія засумняваліся.
18. І, прыступіўшы, Ісус сказаў ім: дадзена Мне ўсякая ўлада на небе і на зямлі:
19. дык ідзеце, навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца і Сына і Сьвятога Духа,
20. вучачы іх выконваць усё, што Я запаведаў вам; і вось, Я з вамі ва ўсе дні да сканчэньня веку. Амін.

1-е пасланьне да Карынцянаў 15.1-11

1. Нагадваю вам, браты, Дабравесьце, якое я зьвеставаў вам, якое вы і прынялі, у якім і ўмацаваліся,
2. якім і ратуецеся, калі настаўленьне памятаеце так, як я зьвеставаў вам, калі толькі ня марна ўверавалі.
3. Бо я найперш перадаў вам, што і сам прыняў, гэта значыцца, што Хрыстос памёр за грахі нашыя, паводле Пісаньня,
4. і што ён пахаваны быў і што ўваскрэс на трэйці дзень, паводле Пісаньня,
5. і што зьявіўся Кіфу, потым дванаццаці;
6. потым зьявіўся больш чым пяці сотням братоў у адзін час, зь якіх большая частка дагэтуль жывуць, а некаторыя і спачылі;
7. потым зьявіўся Якаву, таксама ўсім апосталам;
8. а пасьля ўсіх зьявіўся і мне, як нейкаму вылюдку.
9. Бо я найменшы з апосталаў, і ня варты называцца апосталам, бо гнаў Царкву Божую.
10. Але зь мілаты Божае я ёсьць тое, што ёсьць; і мілата Ягоная ўва мне ня была марная, але я болей за іх усіх папрацаваў; ня я, зрэшты, а мілата Божая, якая са мною.
11. І вось, ці то я, ці яны, мы так прапаведуем, і вы так уверавалі.

Евангельле паводле Мацьвея 19.16-26

16. І вось, адзін нейкі, падышоўшы, сказаў Яму: Настаўнік Добры! што зрабіць мне добрага, каб мець жыцьцё вечнае?
17. А Ён сказаў яму: што ты называеш Мяне добрым? Ніхто ня добры, толькі адзін Бог. Калі ж хочаш увайсьці ў жыцьцё вечнае, трымайся запаведзяў.
18. Кажа Яму: якіх? А Ісус сказаў: не забівай; ня чыні пералюбу; ня крадзь; ня сьведчы ілжыва;
19. шануй бацьку і маці; і: любі блізкага твайго, як самога сябе.
20. Кажа Яму юнак: усё гэта захаваў я зь юнацтва майго: чаго яшчэ не хапае мне?
21. Сказаў яму Ісус: калі хочаш дасканалым быць, ідзі, прадай маёмасьць тваю і раздай убогім; і мець будзеш скарб на нябёсах; і прыходзь, і ідзі сьледам за Мною.
22. Пачуўшы слова гэтае, юнак адышоў замаркочаны, бо ў яго была вялікая маёмасьць.
23. А Ісус сказаў вучням Сваім: праўду кажу вам, што цяжка багатаму ўвайсьці ў Царства Нябеснае;
24. і яшчэ кажу вам: лягчэй вярблюду прайсьці празь ігольныя вушкі, чым багатаму ўвайсьці ў Царства Божае.
25. Пачуўшы гэта, вучні Ягоныя вельмі зьдзівіліся і сказалі: дык хто ж можа ўратавацца?
26. А Ісус паглядзеў і сказаў ім: людзям гэта немагчыма, а Богу ўсё магчыма.