Памер шрыфту
Чытаньне за 13 жніўня 2018:


2-е пасланьне да Карынцянаў 8.7-15

7. А як што вы перапоўненыя ўсім: вераю і словам, і пазнаньнем і ўсякай руплівасьцю, і любоўю вашаю да нас, - дык прасякнецеся ж і гэтаю дабрачыннасьцю.
8. Кажу гэта не як загад, а дбаньнем іншых выпрабоўваю шчырасьць і вашай любові.
9. Бо ведаеце вы мілату Госпада нашага Ісуса Хрыста, што Ён, будучы багаты, зьбяднеў дзеля вас, каб вы ўзбагаціліся Ягонай беднасьцю.
10. Я даю на гэта раду: бо гэта карысна вам, вы ня толькі пачалі рабіць гэта, але і жадалі таго яшчэ зь леташняга.
11. Завяршэце ж цяпер самую дзею, каб, чаго так моцна прагнулі, тое і зроблена было па магчымасьці.
12. Бо, калі ёсьць руплівасьць, дык яна прымаецца залежна ад таго, хто мае, а не ад таго, чаго ня мае.
13. Тут трэба, каб іншым была палёгка, а вам цяжар, але каб была роўнасьць.
14. Сёньня ваш дастатак на пакрыцьцё іхняй нястачы; а пасьля іх дастатак на пакрыцьцё вашай нястачы, каб была роўнасьць,
15. як напісана: «хто сабраў многа, ня меў лішняга, і хто - мала, ня меў нястачы».

Евангельле паводле Марка 3.6-12

6. Фарысэі, выйшаўшы, адразу зладзілі зь ірадыянамі нараду супраць Яго, як бы загубіць Яго.
7. Але Ісус з вучнямі Сваімі адышоў да мора, і за Ім пайшло мноства людзей зГалілеі, Юдэі,
8. Ерусаліма, Ідума і з-за Ярдана. І з навакольляў Тыра і Сідона, пачуўшы, што Ён рабіў, ішлі да Яго ў вялікім мностве.
9. І сказаў вучням Сваім, каб напагатове была Яму лодка, з прычыны шматлюдзтва, каб ня ціснулі на Яго.
10. Бо многіх Ён ацаліў, так што тыя, хто быў хворы, кідаліся да Яго, каб дакрануцца да Яго.
11. І духі нячыстыя, калі бачылі Яго, падалі перад Ім і крычалі: Ты - Сын Божы.
12. Але Ён строга выгаворваў ім, каб не адкрывалі Яго.