Памер шрыфту
Чытаньне за 16 жніўня 2018:


2-е пасланьне да Карынцянаў 10.7-18

7. Ці на асобу зважаеце? Хто ўпэўнены ў сабе, што ён Хрыстовы, той сам па сабе хай мяркуе, што, калі ён Хрыстовы, дык і мы Хрыстовыя.
8. Бо, калі б я пачаў занадта хваліцца нашай уладай, якую Гасподзь даў нам на станаўленьне, а не на разладзьдзе нашае, дык я ня быў бы пасаромлены.
9. Зрэшты, хай ня здасца, што я палохаю вас толькі пасланьнямі.
10. Бо як нехта кажа: «у пасланьнях ён строгі і моцны, а ў асабістай прысутнасьці слабы, і мова ягоная нязначная»,
11. дык няхай ведаюць, што, якія мы на словах у пасланьнях завочна, такія і ў дзеі асабіста.
12. Бо мы не адважваемся мерацца альбо параўноўваць сябе з тымі, якія самі сябе выстаўляюць: яны мераюць сябе самімі сабою і параўноўваюць сябе з сабою неразумна.
13. А мы не хваліцца будзем бязь меры, а мераю долі, якую нам вызначыў Бог і такою мераю, каб дасягнуць і да вас.
14. Бо мы ня высільваемся, як тыя, што не дасяглі да вас, бо дасягнулі і да вас зьвеставаньнем Хрыстовым;
15. мы не бязь меры хвалімся, ня чужою працаю, а спадзяёмся, што калі будзе расьці вера вашая, над меру пабольшыць у вас удзел наш,
16. (так, каб і) далей прапаведаваць вам Дабравесьце, ня хвалячыся гатовым у чужой долі.
17. «Хто хваліцца, няхай хваліцца ў Госпадзе».
18. Бо ня той годны, хто сам сябе хваліць, а каго хваліць Гасподзь.

Евангельле паводле Марка 3.28-35

28. Праўду кажу вам: дараваныя будуць сынам чалавечым усе грахі і блюзьнерствы, якімі б ні блюзьнерылі;
29. але хто будзе блюзьнерыць на Духа Сьвятога, таму ня будзе дараваньня вавекі, а падлягае ён вечнай асудзе.
30. Гэта сказаў Ён, бо казалі: у Ім нячысты дух.
31. І прыйшлі Маці і браты Ягоныя і, стоячы звонку, паслалі да Яго паклікаць Яго.
32. Каля Яго сядзеў люд. І сказалі Яму: вось, Маці Твая і браты Твае і сёстры Твае, вонкі, пытаюцца Цябе.
33. І адказаў ім: хто Маці Мая і браты Мае?
34. І азірнуўшы тых, што сядзелі вакол Яго, кажа: вось маці Мая і браты Мае;
35. бо, хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат і сястра і маці.