Памер шрыфту
Чытаньне за 17 жніўня 2018:


2-е пасланьне да Карынцянаў 11.5-21

5. Але я думаю, што я ні ў чым не адстаў ад тых «вышэйшых апосталаў»:
6. хоць я і невук у слове, але не ў спазнаньні. Урэшце, мы ва ўсім дасканала вядомыя вам.
7. Ці зграшыў я тым, што прыніжаў сябе, каб узвысіць вас: бо без узнагароды вам прапаведаваў Дабравесьце Божае?
8. Другім цэрквам я нарабіў выдаткаў, бяручы зь іх утрыманьне на служэньне вам; і, калі быў у вас, хоць і трываў нястачу, нікому не дакучаў,
9. бо нястачы мае пакрылі браты, якія прыйшлі з Македоніі; ды і ва ўсім я стараўся і пастараюся ня быць вам цяжарам.
10. Па праўдзе Хрыстовай ува мне скажу, што пахвала гэтая не адымецца ў мяне ў землях Ахаіі.
11. Чаму ж так раблю? Ці таму, што ня люблю вас? Богу вядома! Але як раблю, так і буду рабіць,
12. каб ня даць прычыны тым, якія шукаюць поваду, каб яны, чым хваляцца, у тым аказаліся такімі самымі, як і мы.
13. Бо такія ілжэапосталы, падступныя работнікі, што ўдаюць зь сябе апосталаў Хрыстовых.
14. І якое тут дзіва: бо сам сатана строіць зь сябе анёла сьвятла,
15. а таму не вялікая справа, калі і слугі ягоныя ўдаюць зь сябе слуг праведнасьці; але канец іхні будзе паводле дзеяў іхніх.
16. Яшчэ скажу: хай не палічыць хто-небудзь мяне неразумным; а калі ня так, дык прымеце мяне, хоць якога неразумнага, каб і мне хоць крыху пахваліцца.
17. Што скажу, тое скажу ня ў Госпадзе, а як бы ва ўтрапёнасьці, якая дадае мне адвагі хваліцца.
18. Як многія хваляцца з прычыны цялеснай, так і я буду хваліцца.
19. Бо вы, людзі разумныя, ахвоча церпіце неразумных,
20. вы церпіце, калі хто вас панявольвае, калі хто аб'ядае, калі хто абірае, калі хто вас за нікчэмнасьць мае, калі хто б'е вас па твары.
21. На сорам кажу, што на гэта ў нас неставала сілы; а калі хто мае адвагу хваліцца чым-небудзь, дык скажу зь неразуменьня, набяруся адвагі і я.

Евангельле паводле Марка 4.1-9

1. І зноў пачаў вучыць каля мора; і сабралася да Яго мноства людзей, так што Ён увайшоў у лодку і быў на моры, а ўвесь люд быў на зямлі каля мора.
2. І вучыў іх прытчамі многа і ў вучэньні Сваім казаў ім:
3. слухайце: вось, выйшаў сейбіт сеяць;
4. і калі сеяў, сталася так, што іншае ўпала ўскрай дарогі, і наляцелі птушкі і падзяўблі тое;
5. іншае ўпала на камяністую мясьціну, дзе няшмат было зямлі, і неўзабаве ўзышло, таму што зямля была там ня глыбокая;
6. а калі ўзышло сонца, завяла і, як ня мела карэньня, засохла;
7. іншае ўпала на церне, і церне вырасла і заглушыла насеньне, яно не дало плоду;
8. а іншае ўпала на добрую зямлю і дало плод, які ўзыйшоў і вырас, і ўрадзіла тое трыццаць, тое шэсьцьдзясят і тое сто.
9. І сказаў ім: хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!