Памер шрыфту
Чытаньне за 18 жніўня 2018:


1-е пасланьне да Карынцянаў 2.6-9

6. А мудрасьць мы прапаведуем сярод дасканалых, але мудрасьць ня веку гэтага і ня ўладцаў веку гэтага праходных,
7. а прапаведуем мудрасьць Божую, тайную, схаваную, якую Бог вызначыў спрадвеку на славу нашую,
8. якое ніхто з уладцаў веку гэтага не спазнаў; бо, калі б спазналі, дык не ўкрыжавалі б Госпада славы.
9. А, як напісана: «ня бачыла таго вока і ня чула вуха, і ня ўзыходзіла тое ў сэрца чалавека, што тым Бог падрыхтаваў, хто любіць Яго».

Евангельле паводле Мацьвея 22.15-22

15. Тады фарысэі пайшлі і дамаўляліся, як падлавіць Яго на слове.
16. І пасылаюць да Яго вучняў сваіх зь ірадыянамі, кажучы: Настаўнік! мы ведаем, што Ты справядлівы, і шляху Божаму праўдзіва вучыш, і не стараешся дагадзіць каму-небудзь, бо не глядзіш на абліччы;
17. дык вось скажы нам: як Табе здаецца? ці дазваляецца даваць падатак кесару, ці не?
18. Але Ісус, убачыўшы зламыснасьць іхнюю, сказаў: што спакушаеце Мяне, крывадушнікі?
19. пакажэце Мне манету, якою плаціцца падатак. Яны прынесьлі Яму дынар.
20. І кажа ім: чыя гэта выява і надпіс?
21. І кажуць Яму: кесаравы. Тады кажа ім: дык аддавайце кесарава кесару, а Божае Богу.
22. Пачуўшы гэта, яны зьдзівіліся і пакінуўшы Яго, пайшлі.