Памер шрыфту
Чытаньне за 30 красавіка 2017:


Евангельле паводле Марка 16.9-20

9. Уваскрэснуўшы рана ў першы дзень тыдня, Ісус зьявіўся спачатку Марыі Магдаліне, зь якое быў выгнаў сем дэманаў.
10. Яна пайшла і абвясьціла тым, што былі зь Ім, што плакалі і галасілі;
11. але яны, пачуўшы, што Ён жывы, і яна бачыла Яго, - не паверылі.
12. Пасьля гэтага зьявіўся ў іншым вобразе двум зь іх на дарозе, калі яны ішлі ў селішча.
13. І тыя, вярнуўшыся, абвясьцілі астатнім; але і ім не паверылі.
14. Нарэшце зьявіўся самім адзінаццацём, калі яны ўзьляжалі на вячэры, і дакараў іх за няверства і жорсткасьць сэрца, што не паверылі тым, якія бачылі Яго ўваскрэслага.
15. І сказаў ім: ідзеце па ўсім сьвеце і абвяшчайце Дабравесьце ўсяму стварэньню.
16. Хто будзе верыць і хрысьціцца, выратаваны будзе; а хто ня будзе верыць, асуджаны будзе.
17. Тым, што ўверуюць, дадзены будуць гэтыя азнакі: імем Маім будуць выганяць нячыстых, будуць гаварыць новымі мовамі;
18. будуць браць зьмей; і калі што сьмертагубнае вып'юць, не зашкодзіць ім; ускладуць рукі на хворых, і яны будуць здаровыя.
19. І так Гасподзь, пасьля гутаркі зь імі, узьнёсься на неба і сеў праваруч Бога.
20. А яны пайшлі і прапаведавалі ўсюды, пры Гасподнім садзеяньні і падмацаваньні слова наступнымі азнакамі. Амін.

Дзеі Апосталаў 6.1-7

1. Тымі днямі, калі намножылася вучняў, пачалі Эліністы* наракаць на Габрэяў за тое, што ўдовы іхнія занядбаныя ў штодзённай раздачы міласьціны.
2. Тады дванаццаць апосталаў, паклікаўшы многа вучняў, сказалі: нягожа нам, занядбаўшы слова Божае, рупіцца пра застольлі.
3. Дык вось, браты, выберыце спаміж сябе сем мужоў абазнаных, напоўненых Сьвятым Духам і мудрасьцю; іх паставім на гэтую службу;
4. а мы ўвесь час будзем у малітве і ў служэньні словам.
5. І спадабалася гэтая прапанова ўсёй грамадзе; і выбралі Сьцяпана, мужа, поўнага веры і Духа Сьвятога, і Піліпа, і Прохара і Міканора, і Цімона і Пармена, і Мікалая Антыахійца, навернутага зь язычнікаў;
6. іх паставілі перад апосталамі, і яны, памаліўшыся, усклалі на іх рукі;
7. і слова Божае расло, і лік вучняў даволі памнажаўся ў Ерусаліме; і зь сьвятароў вельмі многія ўпакорыліся веры.

Евангельле паводле Марка 15.43-16.8

43. прыйшоў Язэп з Арымафеі, знакаміты сябра рады, які і сам чакаў Царства Божага, адважыўся ўвайсьці да Пілата і прасіў Цела Ісусавага.
44. Пілат зьдзівіўся, што Ён ужо памёр; і паклікаўшы сотніка, спытаўся ў яго: ці даўно памёр?
45. І даведаўшыся ад сотніка, аддаў Цела Язэпу.
46. Ён, купіўшы палатно і зьняўшы Яго, ахінуў палатнінаю і паклаў у магіле, якая была высечана ў скале; і прываліў камень да магільных дзьвярэй.
47. А Марыя Магдаліна і Марыя Ясіева глядзелі, дзе Яго клалі.
1. Як прайшла субота, Марыя Магдаліна і Марыя Якаўлева і Саломія купілі пахошчаў, каб ісьці - намасьціць Яго.
2. І даволі рана, у першы дзень тыдня, прыходзяць да магілы, на ўзыходзе сонца,
3. і гавораць паміж сабою: хто адваліць нам камень ад магільных дзьвярэй?
4. І зірнуўшы, бачаць, што камень адвалены; а ён быў досыць вялікі.
5. І ўвайшоўшы ў магілу, убачылі юнака, які сядзеў з правага боку, адзетага ўбелыя шаты: і жахнуліся.
6. А ён кажа ім: не жахайцеся. Ісуса шукаеце Назараніна, укрыжаванага; Ён уваскрэс, Яго няма тут. Вось месца, дзе Ён быў пакладзены.
7. Але ідзеце, накажэце вучням Ягоным і Пятру, што Ён запабегне вас у Галілеі; там Яго ўгледзіце, як Ён сказаў вам.
8. І выйшаўшы, пабеглі ад магілы; іх апанаваў жах, і нікому нічога не сказалі, бо баяліся.