Памер шрыфту
Чытаньне за 20 жніўня 2018:


2-е пасланьне да Карынцянаў 12.10-19

10. Таму і любасна мне ў немачах, у крыўдах, у нястачах, у ганеньнях, ва ўцісках за Хрыста: бо калі я нямоглы, тады моцны.
11. Я дайшоў да неразумнасьці, хвалячыся: вы мяне да гэтага змусілі. Вам бы сьлед было хваліць мяне, бо я нічым ня горшы за тых «вышэйшых апосталаў», хоць я і нішто:
12. прыкметы апостала зьявіліся перад вамі ўсякім цярпеньнем, азнакамі, цудамі і сіламі.
13. Бо чаго вам нестае перад іншымі цэрквамі, дык хіба толькі таго, што сам я ня быў вам цяжарам? Даруйце мне такую віну.
14. Вось, трэйці раз я гатовы ісьці да вас, і ня буду вам цяжарам, бо я шукаю ня вашага, а вас. Ня дзеці павінны зьбіраць маёмасьць бацькам, а бацькі дзецям.
15. Я ахвотна буду траціць сваё і зьнемагаць сябе за душы вашыя, нягледзячы на тое, што, вельмі моцна любячы вас, я меней любімы вамі.
16. Але няхай будзе, што сам я ня вельмі вас абцяжарваў, але, як што я хітры, дык хітрасьцю браў вас,
17. але ці карыстаўся чым ад вас праз каго-небудзь з тых, каго пасылаў да вас?
18. Я ўпрасіў Ціта, і паслаў зь ім аднаго брата: ці ж пакарыстаўся Ціт чым-небудзь вашым? Ці не ў адным духу мы дзейнічалі? Ці не адною дарогай хадзілі?
19. Ці ня думаеце яшчэ, што мы толькі апраўдваемся перад вамі? Мы гаворым перад Богам, у Хрысьце, і ўсё гэта, любасныя, вам у навуку.

Евангельле паводле Марка 4.10-23

10. Калі ж застаўся бязь людзей, усе, хто быў вакол Яго разам з дванаццацьцю, спыталіся ў Яго пра прытчу.
11. І сказаў ім: вам дадзена ведаць тайны Царства Божага, а тым, вонкавым, усё бывае ў прытчах,
12. каб яны сваімі вачыма глядзелі, і ня ўбачылі; сваімі вушамі чулі, і не ўразумелі, каб не навярнуліся, і не дараваны былі ім грахі.
13. І кажа ім: не разумееце гэтай прытчы? як жа вам уразумець усе прытчы?
14. Сейбіт слова сее.
15. Пасеянае ўскрай дарогі азначае тых, у якіх сеецца слова, але да якіх, калі пачуюць, адразу прыходзіць сатана і хапае слова, пасеянае ў сэрцах іхніх.
16. Такім самым чынам і пасеянае на камяністых мясьцінах азначае тых, якія, калі пачуюць слова, адразу з радасьцю прымаюць яго,
17. але ня маюць у сабе кораня і нясталыя; потым, калі настане ўціск і ганеньне за слова, адразу спакушаюцца.
18. Пасеянае ў церне азначае тых, што чуюць слова,
19. але ў якіх турботы веку гэтага, панада багацьця і іншыя жаданьні, уваходзячы ў іх, заглушаюць слова, і яно бывае бяз плоду.
20. А пасеянае на добрай зямлі азначае тых, якія слухаюць слова і прымаюць, і родзяць плод, адзін у трыццаць, другі ў шэсьцьдзясят, той ўстакроць.
21. І сказаў ім: ці на тое прыносіцца сьвечка, каб паставіць яе пад пасудзіну альбо пад ложак? ці не на тое, каб ставіць яе на сьвечніку?
22. Няма нічога таемнага, што ня выйшла б на яву; і нічога няма схаванага, што ня выйшла б наверх.
23. Калі хто мае вушы, каб чуць, няхай пачуе!