Памер шрыфту
Чытаньне за 22 жніўня 2018:


2-е пасланьне да Карынцянаў 13.3-13

3. Вы шукаеце доказу, што Хрыстос гаворыць ува мне: Ён супроць вас не бясьсілы, а моцны ў вас.
4. Бо, хоць Ён і ўкрыжаваны ў немачы, але жывы сілаю Божаю; і мы таксама, хоць нямоглыя ў Ім, але будзем жывыя зь Ім сілаю Божаю ў вас.
5. Выпрабоўвайце саміх сябе, ці ў веры вы? саміх сябе дасьледуйце. Альбо вы ня ведаеце саміх сябе, што Ісус Хрыстос у вас? Хіба толькі вы ня тое, чым павінны быць.
6. А пра нас, спадзяюся, даведаецеся, што мы тое, чым быць павінны.
7. Молім Бога, каб вы не рабілі ніякага ліха, не на тое, каб нам здацца, чым павінны быць; а каб вы рабілі дабро, хоць бы мы здаваліся і ня тым, чым павінны быць.
8. Бо мы ня моцныя супроць праўды, а моцныя за праўду.
9. Мы радуемся, калі мы нямоглыя, а вы моцныя; за гэта якраз і молімся, за вашую дасканаласьць.
10. На тое я і пішу гэта ў адсутнасьці, каб у прысутнасьці ня ўжыць строгасьці ўлады, дадзенай мне Госпадам на збудаваньне, а не на руйнаваньне.
11. Аднак жа, браты, радуйцеся, удасканальвайцеся, суцяшайцеся, будзьце аднамысныя, мірныя, - і Бог любові і міру будзе з вамі.
12. Вітайце адзін аднаго цалаваньнем сьвятым. Вітаюць вас усе сьвятыя.
13. Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста, і любоў Бога Айца, і лучнасьць Сьвятога Духа з усімі вамі. Амін.

Евангельле паводле Марка 4.35-41

35. Увечары таго самага дня сказаў ім: пераправімся на той бок.
36. І яны, адпусьціўшы людзей, узялі Яго з сабою, як Ён быў, у лодку; зь Ім былі і іншыя лодкі.
37. І паднялася вялікая бура; хвалі білі ў лодку, так што яна ўжо напаўнялася вадою.
38. А Ён спаў на карме на ўзгалоўі. Яго будзяць і кажуць Яму: Настаўнік! няўжо Табе ня рупіць, што мы гінем?
39. І ўстаўшы, Ён загразіў ветру і сказаў мору: суйміся, перастань. І вецер аціх, і зрабілася вялікая ціша.
40. І сказаў ім: чаго вы такія палахлівыя? чаму ў вас няма веры?
41. І ўбаяліся страхам вялікім і гаварылі і паміж сабою: хто ж гэта, што і вецер і мора слухаюцца Яго?