Памер шрыфту
Чытаньне за 24 жніўня 2018:


Пасланьне да Галятаў 2.6-10

6. І ў знакамітых праз што-небудзь, якія б яны ні былі калі-небудзь, для мяне няма нічога асаблівага: Бог не зважае на аблічча чалавека. І знакамітыя не дадалі мне больш анічога;
7. наадварот, што мне даверана зьвеставаньне неабрэзаным, як Пятру абрэзаным,
8. бо Той, Хто спрыяў Пятру ў апостальстве сярод абрэзаных, спрыяў і мне сярод язычнікаў, -
9. і даведаўшыся пра мілату, дадзеную мне, Якаў і Кіфа і Ян, якія былі ўважаныя за стаўпоў, падалі мне і Варнаву руку лучнасьці, каб нам ісьці да язычнікаў, а ім да абрэзаных,
10. толькі каб мы памяталі ўбогіх, што і намагаўся я выканаць дакладна.

Евангельле паводле Марка 5.22-24, 35-6.1

22. І вось, прыходзіць адзін з начальнікаў сынагогі, якога звалі Яір, і, убачыўшы Яго, падае ў ногі Яму
23. і ўмольна просіць Яго, кажучы: дачка мая пры сьмерці; прыйдзі і ўскладзі на яе рукі, каб яна ачуняла і засталася жывая.
24. Ісус пайшоў зь ім. За Ім сьледам ішло мноства людзей, і націскалі на Яго.
[...]
35. Калі Ён яшчэ гаварыў гэта, прыходзяць ад начальніка сынагогі і кажуць: дачка твая памерла; чаго яшчэ дакучаеш Настаўніку?
36. Але Ісус, пачуўшы гэтыя словы, адразу кажа начальніку сынагогі; ня бойся, толькі веруй.
37. І не дазволіў нікому ісьці сьледам за Ім, акрамя як Пятру, Якаву і Яну, брату Якава.
38. Прыходзяць у дом начальніка сынагогі і бачаць перапалох, і плачуць і голасам галосяць.
39. І ўвайшоўшы, кажа ім: чаго сумеліся і плачаце? дзяўчына не памерла, а сьпіць.
40. І сьмяяліся зь Яго. Але Ён, выслаўшы ўсіх, бярэ з Сабою бацьку і маці дзяўчыны і тых, што былі зь Ім, і ўваходзіць туды, дзе дзяўчына ляжала.
41. І ўзяўшы дзяўчыну за руку, кажа ёй: таліфа-кумі, што азначае: «Дзяўчына, табе кажу, устань».
42. І дзяўчына адразу ўстала і пачала хадзіць, бо была гадоў дванаццаці. І вялікаму дзіву даліся.
43. І Ён строга загадаў ім, каб ніхто пра гэта ня ведаў, і сказаў, каб ёй далі есьці.
1. Ён выйшаў адтуль і прыйшоў на бацькаўшчыну Сваю; за Ім сьледам ішлі вучні Ягоныя.