Памер шрыфту
Чытаньне за 25 жніўня 2018:


1-е пасланьне да Карынцянаў 4.1-5

1. Дык вось, кожны павінен уважаць нас за слуг Хрыстовых і за будаўнікоў тайнаў Божых;
2. ад будаўнікоў жа патрабуецца, каб кожны быў верны.
3. Мне вельмі мала залежыць, як судзіце мяне вы, альбо як судзяць людзі; я і сам сябе ня суджу.
4. Бо, хоць я нічога ня ведаю за сабою, але гэтым не апраўдваюся; а судзьдзя мне - Гасподзь.
5. Таму ня судзеце ніяк дачасна, пакуль ня прыйдзе Гасподзь, Які і асьветліць схаванае ў змроку і выявіць сардэчныя намеры, і тады кожнаму будзе пахвала ад Бога.

Евангельле паводле Мацьвея 23.1-12

1. Тады Ісус прамовіў да люду і вучняў Сваіх,
2. кажучы: на Майсеевым пасадзе селі кніжнікі і фарысэі;
3. дык вось, усё, што яны кажуць вам захоўваць, рабеце і захоўвайце; а паводле ўчынкаў іхніх не рабеце, бо яны гавораць, і ня робяць:
4. зьвязваюць цяжары важкія і непасільныя і ўскладаюць на плечы людзям, а самі ня хочуць і пальцам зрушыць іх;
5. а ўсе справы свае робяць дзеля таго, каб бачылі іх людзі; пашыраюць філактэрыі* свае ды павялічваюць кутасы на адзеньні сваім;
6. а таксама любяць узьляжаць наперадзе на гасьцінах, і наперадзе сядзець у сынагогах,
7. і вітаньні на плошчах, і каб людзі клікалі іх: «Настаўнік! настаўнік!»
8. А вы не называйцеся настаўнікамі, бо адзін у вас Настаўнік - Хрыстос, а ўсе вы - браты;
9. і айцом сабе не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Айцец, Які на нябёсах;
10. і не называйцеся правадырамі, бо адзін у вас Правадыр - Хрыстос.
11. Большы з вас хай будзе вам слуга:
12. бо хто ўзвышае сябе, той паніжаны будзе; а хто паніжае сябе, той узвысіцца.