Памер шрыфту
Чытаньне за 26 жніўня 2018:


Евангельле паводле Марка 16.9-20

9. Уваскрэснуўшы рана ў першы дзень тыдня, Ісус зьявіўся спачатку Марыі Магдаліне, зь якое быў выгнаў сем дэманаў.
10. Яна пайшла і абвясьціла тым, што былі зь Ім, што плакалі і галасілі;
11. але яны, пачуўшы, што Ён жывы, і яна бачыла Яго, - не паверылі.
12. Пасьля гэтага зьявіўся ў іншым вобразе двум зь іх на дарозе, калі яны ішлі ў селішча.
13. І тыя, вярнуўшыся, абвясьцілі астатнім; але і ім не паверылі.
14. Нарэшце зьявіўся самім адзінаццацём, калі яны ўзьляжалі на вячэры, і дакараў іх за няверства і жорсткасьць сэрца, што не паверылі тым, якія бачылі Яго ўваскрэслага.
15. І сказаў ім: ідзеце па ўсім сьвеце і абвяшчайце Дабравесьце ўсяму стварэньню.
16. Хто будзе верыць і хрысьціцца, выратаваны будзе; а хто ня будзе верыць, асуджаны будзе.
17. Тым, што ўверуюць, дадзены будуць гэтыя азнакі: імем Маім будуць выганяць нячыстых, будуць гаварыць новымі мовамі;
18. будуць браць зьмей; і калі што сьмертагубнае вып'юць, не зашкодзіць ім; ускладуць рукі на хворых, і яны будуць здаровыя.
19. І так Гасподзь, пасьля гутаркі зь імі, узьнёсься на неба і сеў праваруч Бога.
20. А яны пайшлі і прапаведавалі ўсюды, пры Гасподнім садзеяньні і падмацаваньні слова наступнымі азнакамі. Амін.

2-е пасланьне да Карынцянаў 1.21-2.4

21. А Той, Хто мацуе нас з вамі ў Хрысьце і памазаў нас, ёсьць Бог,
22. Які і паклаў на нас пячатку і даў заклад Духа ў сэрцы нашыя.
23. Бога заклікаю ў сьведкі на душу маю, што, шкадуючы вас, я дагэтуль ня прыходзіў у Карынф,
24. не таму, што быццам мы бяром уладу над вераю вашаю; але мы спрыяем радасьці вашай; бо вераю вы цьвёрдыя.
1. І вось разважыў я сам сабе ня ісьці да вас зноў з засмучэньнем;
2. бо калі я засмучаю вас, дык хто ж парадуе мяне, як ня той, хто засмучаны мною?
3. Гэта самае і пісаў я вам, каб, прыйшоўшы, ня мець засмучэньня ад тых, за каго мне сьлед было радавацца; бо я за ўсіх вас пэўны, што мая радасьць ёсьць радасьць і ўсім вам.
4. Ад вялікае скрухі і прыгнечанага сэрца я пісаў вам зь вялікімі сьлязьмі не на тое, каб засмуціць вас, а каб вы спазналі любоў, якое я маю багата да вас!

Евангельле паводле Мацьвея 22.1-14

1. І ў адказ Ісус зноў прамовіў да іх у прытчах, кажучы:
2. падобнае Царства Нябеснае на чалавека-цара, які справіў вясельле сыну свайму
3. і паслаў рабоў сваіх клікаць запрошаных на вясельле; і не хацелі прыйсьці.
4. Зноў паслаў іншых рабоў, сказаўшы: скажэце запрошаным: «вось я прыгатаваў абед мой, цяляты мае і што ўкормлена, заколата, і ўсё гатова; прыходзьце на вясельле».
5. Але яны, ня даўшы ўвагі, пайшлі, хто на поле сваё, а хто да гандлю свайго.
6. Астатнія ж, схапіўшы рабоў ягоных, зьняважылі і забілі іх.
7. І пачуўшы, цар той угневаўся, і, паслаўшы войскі свае, вынішчыў забойцаў тых і горад іхні спаліў.
8. Тады кажа ён рабам сваім: вясельле гатова, а запрошаныя ня былі вартыя.
9. Дык вось, ідзеце на ростані і ўсіх, каго спаткаеце, клічце на вясельле.
10. І рабы тыя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго толькі знайшлі, і благіх і добрых; і напоўнілася вясельле бяседнікамі.
11. Цар, увайшоўшы паглядзець на бяседнікаў, убачыў там чалавека, апранутага не ў вясельныя строі,
12. і кажа яму: дружа! як ты ўвайшоў сюды не ў вясельных строях? А той маўчаў.
13. Тады сказаў цар слугам: зьвязаўшы яму рукі і ногі, вазьмеце яго і выкіньце ў цемру вонкавую: там будзе плач і скрыгат зубоў;
14. бо шмат пакліканых, ды мала выбраных.