Памер шрыфту
Чытаньне за 27 жніўня 2018:


Пасланьне да Галятаў 2.11-16

11. Калі ж Пётр прыйшоў у Антыахію, дык я адкрыта выступіў супроць яго, бо ён заслужыў дакораў.
12. Бо да прыходу некаторых ад Якава, еў разам зь язычнікамі; а калі тыя прыйшлі, пачаў таіцца і ўхіляцца, апасаючыся абрэзаных.
13. Разам зь ім крывадушнічалі і іншыя Юдэі, так што нават Варнава быў змушчаны іхняй крывадушнасьцю.
14. Але калі я ўбачыў, што яны ня проста дзеюць паводле ісьціны Дабравесьця, сказаў Пятру пры ўсіх: калі ты як Юдэй жывеш па-язычніцку, а не па-Юдэйску, дык навошта язычнікаў змушаеш жыць па-Юдэйску?
15. Мы з прыроды Юдэі, а не зь язычнікаў грэшнікі;
16. аднак жа, даведаўшыся, што чалавек апраўдваецца ня дзеямі закона, а толькі вераю ў Ісуса Хрыста, і мы ўверавалі ў Хрыста Ісуса, каб апраўдацца вераю ў Хрыста, а ня дзеямі закона; бо дзеямі закона не апраўдваецца ніякая плоць.

Евангельле паводле Марка 5.24-34

24. Ісус пайшоў зь ім. За Ім сьледам ішло мноства людзей, і націскалі на Яго.
25. Адна жанчына, якая пакутавала ад крывацечы дванаццаць гадоў,
26. шмат нацярпелася ад многіх лекараў, патраціла ўсё, што было ў яе, і ня зыскала ніякай палёгкі, а самой толькі пагоршала,
27. дачуўшыся пра Ісуса, падышла ззаду ў натоўпе і кранулася вопраткі Ягонай;
28. бо казала: калі хоць да вопраткі Ягонай дакрануся, дык выздаравею.
29. І перастала адразу ў яе крывацеча, і яна адчула ў целе, што ачуняла ад хваробы.
30. А ў той самы час Ісус, адчуўшы Сам у Сабе, што выйшла зь Яго сіла, абярнуўся ў народзе і сказаў: хто крануўся Маёй вопраткі?
31. Вучні сказалі Яму: Ты бачыш, што людзі націскаюць на Цябе, і кажаш: «хто крануўся Мяне?».
32. Але Ён глядзеў навокал, каб убачыць тую, якая зрабіла гэта.
33. Жанчына ў страху і трымценьні, ведаючы, што зь ёю сталася, падышла, упала перад Ім і сказала Яму ўсю праўду.
34. А Ён сказаў ёй: дачка! вера твая ўратавала цябе; ідзі ў міры і будзь здаровая ад хваробы тваёй.