Памер шрыфту
Чытаньне за 28 жніўня 2018:


Пасланьне да Галятаў 2.21-3.7

21. Не адкідаю мілаты Божай. А калі праведнасьць дасягаецца праз закон, дык Хрыстос марна памёр.
1. О, няцямныя Галяты! Хто падбіў вас не скарацца ісьціне, вас, у каго перад вачыма накрэсьлены быў Ісус Хрыстос, як бы сярод вас укрыжаваны?
2. Толькі гэта хачу ведаць ад вас: ці празь дзеі закона вы атрымалі Духа, ці праз настаўленьне ў веры?
3. Ці такія вы няцямныя, што, пачаўшы Духам, цяпер канчаеце плоцьцю?
4. Так многа вы перацярпелі няўжо марна? О, калі б толькі марна!
5. Той, Хто пада вам Духа і творыць сярод вас цуды, ці празь дзеі закона робіць гэта, ці праз пропаведзь веры?
6. Так Абрагам паверыў Богу, і гэта залічылася яму ў праведнасьць.
7. Уведайце ж, што вернікі - сыны Абрагамавыя.

Евангельле паводле Марка 6.1-7

1. Ён выйшаў адтуль і прыйшоў на бацькаўшчыну Сваю; за Ім сьледам ішлі вучні Ягоныя.
2. Калі настала субота, Ён пачаў вучыць у сынагозе; і многія слухачы з подзівам казалі: адкуль у Яго гэта? што за мудрасьць дадзена Яму, і як такія дзівосы чыняцца рукамі Ягонымі?
3. ці не цясьляр Ён, сын Марыін, брат Якава, Ясіі, Юды і Сымона? ці ня тут сярод нас Ягоныя сёстры? І паняверыліся ў Ім.
4. А Ісус сказаў ім: ня бывае прарока без пашаны, хіба што на бацькаўшчыне сваёй і ў родзічаў і ў доме сваім.
5. І ня мог учыніць там ніякага цуду; толькі на нямногіх хворых усклаўшы рукі, ацаліў іх.
6. І зьдзіўляўся зь няверства іхняга. Потым хадзіў па навакольных селішчах івучыў.
7. І, паклікаўшы дванаццацёх, пачаў пасылаць іх па двое і даў ім ўладу над нячыстымі духамі.