Памер шрыфту
Чытаньне за 16 красавіка 2018:


Дзеі Апосталаў 6.8-7.5, 7.47-60

8. А Сьцяпан, поўны веры і сілы, учыняў вялікія цуды і азнакі ў народзе.
9. Некаторыя з так званае сынагогі Лібертынцаў і Кірынейцаў і Александрыйцаў і некаторыя з Кілікіі і Асіі ўступілі ў спрэчку са Сьцяпанам;
10. але не маглі ўстояць супраць мудрасьці і Духу, Якім ён прамаўляў.
11. Тады падбухторылі яны некаторых сказаць: мы чулі, як ён казаў блюзьнерчыя словы на Майсея і на Бога.
12. І ўзбурылі люд і старэйшын і кніжнікаў і напаўшы схапілі яго і павялі ў сынедрыён,
13. і паставілі ілжывых сьведкаў, якія казалі: гэты чалавек не перастае гаварыць блюзьнерчыя словы на сьвятое месца гэтае і на закон;
14. бо мы чулі, як ён казаў, што той Ісус Назарэй зруйнуе месца гэтае і зьменіць звычаі, якія перадаў нам Майсей.
15. І ўсе, хто сядзеў у сынедрыёне, гледзячы на яго, бачылі аблічча ягонае, як аблічча анёла. * Габрэі зь язычніцкіх краін
1. Тады сказаў першасьвятар: ці так гэта?
2. А ён сказаў: мужы браты і бацькі! паслухайце. Бог славы зьявіўся бацьку нашаму Абрагаму ў Месапатаміі, да перасяленьня яго ў Харан,
3. і сказаў яму: выйдзі зь зямлі тваёй і з радзіны тваёй і з дома бацькі твайго, і ідзі ў зямлю, якую пакажу табе.
4. Тады ён выйшаў зь зямлі Халдэйскай і пасяліўся ў Харане; а адтуль, пасьля сьмерці бацькі ягонага, перасяліў яго Бог у гэтую зямлю, дзе вы цяпер жывяце;
5. і ня даў яму на ёй спадчыны ні на ступак нагі, а абяцаўся даць яе на валоданьне яму нашчадкам ягоным пасьля яго, калі ён яшчэ быў бязьдзетны.
[...]
47. А Саламон збудаваў Яму дом.
48. Але ‹сявышні не ў рукатворных храмах жыве, як кажа прарок:
49. «неба - трон Мой, і зямля - падножжа ног Маіх; які дом збудуеце Мне, кажа Гасподзь, альбо якое месца на адпачынак Мой?
50. Ці ж не Мая рука стварыла ўсё гэта?».
51. Цьвёрдахрыбетныя! людзі зь неабрэзанымі сэрцамі і вушамі! вы заўсёды працівіцеся Духу Сьвятому, як бацькі вашыя, так і вы:
52. каго ж бо з прарокаў ня гналі бацькі вашыя? яны забілі прадвесьнікаў прышэсьця Праведніка, прадажнікамі і забойцамі Якога сталіся сёньня вы,
53. вы, якія прынялі ўстанаўленьнем анёльскім закон, і не захавалі.
54. Слухаючы гэта, яны рваліся сэрцамі і скрыгаталі на яго зубамі.
55. А Сьцяпан, напоўнены Духам Сьвятым, паглядзеўшы на неба, убачыў Божую славу і Ісуса, Які стаяў праваруч Бога,
56. і сказаў: вось, бачу я нябёсы расчыненыя і Сына Чалавечага, Які стаіць праваруч Бога.
57. Але яны, закрычаўшы моцным голасам, затыкалі вушы свае, і аднадушна кінуліся на яго,
58. і, вывеўшы за горад, пачалі біць яго камянямі. А сьведкі паклалі сваю адзежу да ног юнака, якога звалі Саўлам.
59. І білі камянямі Сьцяпана, які маліўся і казаў: Госпадзе Ісусе! прымі дух мой!
60. І, схіліўшы калені, усклікнуў моцным голасам: Госпадзе! ня лічы ім грэху гэтага! І, сказаўшы гэта, спачыў.

Евангельле паводле Яна 4.46-54

46. Дык вось, Ісус зноў прыйшоў у Кану Галілейскую, дзе ператварыў ваду ў віно. У Капернауме быў адзін царадворац, у якога сын быў хворы.
47. Ён, пачуўшы, што Ісус прыйшоў зь Юдэі ў Галілею, прыйшоў да Яго і прасіў Яго прыйсьці і ацаліць сына ягонага, які быў пры сьмерці.
48. Ісус сказаў яму: вы ня ўверуеце, калі ня ўбачыце азнакаў і цудаў.
49. Царадворац кажа Яму: Госпадзе! прыйдзі, пакуль не памёр сын мой.
50. Ісус кажа яму: ідзі, сын твой здаровы. Той паверыў слову, якое сказаў яму Ісус, і пайшоў.
51. На дарозе сустрэлі яго слугі ягоныя і сказалі: сын твой здаровы.
52. Ён спытаўся ў іх: а каторай гадзіне яму палепшала? Яму сказалі: учора а сёмай гадзіне гарачка пакінула яго.
53. З гэтага бацька даведаўся, што гэта была тая самая гадзіна, калі Ісус сказаў яму: сын твой здаровы. І ўвераваў сам і ўвесь дом ягоны.
54. Гэты другі цуд учыніў Ісус, вярнуўшыся зь Юдэі ў Галілею.