Памер шрыфту
Чытаньне за 1 верасьня 2010:


Пасланьне да Галятаў 3.15-22

15. Браты! кажу я па-людзку: нават чалавекам зацьверджанага запавету ніхто не адмяняе і не дадае да яго.
16. Але Абрагаму дадзеныя былі абяцаньні і нашчадку ягонаму. Ня сказана: «і нашчадкам», як бы пра многіх, а як бы пра аднаго: «і насеньню твайму», якое ёсьць Хрыстос.
17. Я кажу тое, што запавета пра Хрыста, раней Богам зацьверджанага, закон, які паявіўся праз чатырыста трыццаць гадоў, не адмяняе так, каб абяцаньне страціла сілу.
18. Бо калі паводле закона спадчына, дык ужо не паводле абяцаньня; але Абрагаму Бог даў гэта паводле абяцаньня.
19. Навошта ж закон? Ён дадзены пасьля з прычыны злачынстваў, да часу прышэсьця насеньня, якому было дадзена абяцаньне, і ўчынена праз анёлаў, рукою пасрэдніка.
20. Але пасрэднік пры адным ня бывае, а Бог адзін.
21. Дык ці ж закон супроць абяцаньняў Божых? Ані! Бо калі б дадзены быў закон, які мог бы ажыўляць, дык сапраўды праведнасьць была б ад закона;
22. але Пісаньне ўсіх замкнула пад грэх, каб абяцаньне веруючым было дадзена ад веры ў Ісуса Хрыста.

Евангельле паводле Марка 6.7-13

7. І, паклікаўшы дванаццацёх, пачаў пасылаць іх па двое і даў ім ўладу над нячыстымі духамі.
8. І наказаў ім нічога ня браць у дарогу, апрача аднаго кія: ні торбы, ні хлеба, ні медзі ў поясе,
9. а абувацца ў просты абутак і не насіць дзьвюх вопратак.
10. І сказаў ім: калі дзе ўвойдзеце ў дом, заставайцеся ў ім, пакуль ня выйдзеце з той мясьціны.
11. І калі хто ня прыме вас і ня будзе слухаць вас, дык, выходзячы адтуль, абцярушэце пыл з ног вашых, у сьведчаньне на іх. Праўду кажу вам: радасьней будзе Садоме і Гаморы ў дзень судны, чым таму гораду.
12. І яны пайшлі і зьвеставалі каяньне;
13. выганялі шмат дэманаў і многіх хворых мазалі алеем і ацалялі.