Памер шрыфту
Чытаньне за 30 жніўня 2018:


Пасланьне да Галятаў 3.23-4.5

23. Але да прышэсьця веры, мы былі замкнутыя пад вартаю закона да таго часу, як мела адкрыцца вера.
24. Дык вось закон быў для нас павадыром да Хрыста, каб нам апраўдацца вераю;
25. а як прыйшла вера, мы ўжо не пад кіраваньнем павадыра.
26. Бо ўсе вы сыны Божыя па веры ў Хрыста Ісуса;
27. усе вы, хто хрысьціўся ў Хрыста, у Хрыста апрануліся!
28. Няма ўжо Юдэя, ні язычніка; няма раба, ні вольніка; няма мужчынскага полу, ні жаночага: бо ўсе вы адно ў Хрысьце Ісусе.
29. Калі ж вы Хрыстовыя, дык вы нашчадкі Абарагамавыя, і паводле абяцаньня спадкаемцы.
1. Яшчэ скажу: спадкаемец, пакуль у маленстве, нічым не адрозьніваецца ад раба, хоць і гаспадар усяго:
2. ён пад апекунамі і кіраўнікамі аж да часу вызначанага бацькам.
3. Гэтак і мы, пакуль былі ў маленстве, былі паняволеныя рэчавым пачаткам сьвету;
4. але калі споўніўся час, Бог паслаў Сына Свайго (Адзінароднага), Які нарадзіўся ад жанчыны і хадзіў пад законам,
5. каб адкупіць падзаконных, каб нам атрымаць усынаўленьне.

Евангельле паводле Марка 6.30-45

30. І сабраліся апосталы да Ісуса і расказалі Яму ўсё, і што зрабілі, і чаму навучылі.
31. Ён сказаў ім: ідзеце вы адныя ў пустэльнае месца і адпачнеце крыху. Бо шмат прыходзіла і адыходзіла, так што і есьці ім ня было калі.
32. І выправіліся ў пустэльнае месца на лодцы адныя.
33. Люд убачыў, як яны выпраўляліся, і многія пазналі іх; і беглі туды пешыя з усіх гарадоў і апярэдзілі іх, і сабраліся да Яго.
34. Ісус, выйшаўшы, угледзеў мноства людзей і пашкадаваў іх, бо яны былі як авечкі без пастуха; і пачаў іх вучыць многа.
35. І як што часу мінула шмат, вучні Ягоныя, прыступіўшы да Яго, кажуць: месца тут пустэльнае, а час ужо позьні;
36. адпусьці іх, каб яны пайшлі ў навакольныя вёскі і селішчы і купілі сабе хлеба; бо ім няма чаго есьці.
37. Ён сказаў ім у адказ: вы дайце ім есьці. І сказалі Яму: хіба што нам пайсьці купіць хлеба дынараў на дзьвесьце і даць ім есьці?
38. Але Ён папытаўся ў іх: колькі ў вас хлябоў? Ідзеце, паглядзеце. Яны, даведаўшыся, сказалі: пяць хлябоў і дзьве рыбіны.
39. Тады загадаў ім пасадзіць усіх гуртамі на зялёнай траве.
40. І паселі радамі па сто і па пяцьдзясят.
41. Ён узяў пяць хлябоў і дзьве рыбіны, узьвёў вочы да неба, дабраславіў і разламаў хлябы і даў вучням Сваім, каб яны раздалі ім; і дзьве рыбіны падзяліў на ўсіх.
42. І елі ўсе і наеліся;
43. і набралі кавалкаў хлеба і рэшты ад рыбін дванаццаць поўных кашоў;
44. а было тых, што елі хлябы, каля пяці тысяч мужчын.
45. І адразу ж прымусіў вучняў Сваіх увайсьці ў лодку і выправіцца наперад на той бок да Віфсаіды, пакуль Ён адпусьціць людзей.