Памер шрыфту
Чытаньне за 3 верасьня 2010:


Пасланьне да Галятаў 4.8-21

8. Але тады, ня ведаючы Бога, вы служылі божышчам, якія па сутнасьці не багі;
9. а сёньня, уведаўшы Бога, альбо лепей, атрымаўшы пазнаньне ад Бога, навошта вяртаецеся зноў да бясьсілых і ўбогіх матар'яльных пачаткаў, і хочаце яшчэ зноў падняволіцца ім?
10. Вы пільна зважаеце на дні, месяцы, поры і гады.
11. Баюся за вас, ці ня марна я працаваў у вас.
12. Прашу вас, браты, будзьце, як я, таму што і я, як вы. Вы нічым не пакрыўдзілі мяне:
13. ведаеце, што, хоць я ў нядужай плоці зьвеставаў вам першы раз,
14. але вы не пагардзілі спакушэньня майго ў плоці маёй і не пагрэбавалі мною, а прынялі мяне, як анёла Божага, як Хрыста Ісуса.
15. Якія вы былі дабрашчасныя! Сьведчу пра вас, што, калі б можна было, вы б вырвалі вочы свае і аддалі мне.
16. І вось, няўжо я стаўся ворагам вашым, кажучы вам праўду?
17. Рупяцца за вас нячыста, і хочуць вас адвярнуць, каб вы рупіліся пра іх.
18. Добра рупіцца ў добрым заўсёды, а не ў маёй толькі прысутнасьці ў вас.
19. Дзеці мае! я зноў дзеля вас у пакутах народзінаў, пакуль вобраз Хрыста ня выявіцца ў вас.
20. Хацеў бы я цяпер быць у вас і зьмяніць голас мой, бо я ў недаўменьні пра вас.
21. Скажэце мне вы, хто хоча быць пад законам: хіба вы ня слухаецеся закона?

Евангельле паводле Марка 6.45-53

45. І адразу ж прымусіў вучняў Сваіх увайсьці ў лодку і выправіцца наперад на той бок да Віфсаіды, пакуль Ён адпусьціць людзей.
46. І адпусьціўшы іх, пайшоў на гару памаліцца.
47. Увечары лодка была пасярод мора, а Ён адзін на зямлі.
48. І ўбачыў іх у бядзе ў плаваньні, бо вецер ім быў супраціўны; а каля чацьвёртай варты ночы падышоў да іх, ідучы па моры, і хацеў прайсьці міма іх.
49. Яны, убачыўшы Яго, што ідзе па моры, падумалі, што гэта прывід, і закрычалі.
50. Бо ўсе бачылі Яго і перапалохаліся. І адразу загаварыў зь імі і сказаў ім: узбадзёрцеся; гэта Я, ня бойцеся.
51. І ўвайшоў да іх у лодку; і вецер аціх. І яны вельмі-вельмі зьдзіўляліся ўсабе і дзіву даваліся.
52. Бо не дайшлі розумам да цуду з хлябамі, таму што сэрца ў іх было скамянелае.
53. І пераправіўшыся, прыбылі ў зямлю Генісарэцкую і прысталі да берагу.