Памер шрыфту
Чытаньне за 1 верасьня 2018:


1-е пасланьне да Карынцянаў 4.17-5.5

17. На тое паслаў я да вас Цімафея, майго любаснага і вернага ў Госпадзе сына, які нагадае вам пра шляхі мае ў Хрысьце Ісусе, як я вучу ўсюды ў кожнай царкве.
18. Як я ня йду да вас, дык некаторыя ў вас заганарыліся;
19. але я неўзабаве прыйду да вас, калі заўгодна будзе Госпаду, і выпрабую ня словы гардуноў, а сілу,
20. бо Царства Божае ня ў слове, а ў сіле.
21. Чаго вы хочаце? каб з посахам прыйшоў да вас, ці зь любоўю і духам лагоднасьці?
1. Ходзіць пэўная чутка пра распусту сярод вас, ды такую распусту, якое ня чуваць нават у язычнікаў: нехта за жонку мае бацькаву жонку.
2. І вы заганарыліся, замест таго, каб лепей плакаць, каб забраць спаміж вас таго, хто зрабіў гэта.
3. А я, целам адсутны, але прысутны ў вас духам, ужо пастанавіў, як бы калі б быў сярод вас: таго, хто ўчыніў такое,
4. на сходзе вашым у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста разам з маім духам, сілаю Госпада нашага Ісуса Хрыста,
5. аддаць сатане на зьнемажэньне плоці, каб дух быў выратаваны ў дзень Госпада нашага Ісуса Хрыста.

Евангельле паводле Мацьвея 24.1-13

1. І выйшаўшы, Ісус ішоў ад храма. І прыступілі вучні Ягоныя, каб паказаць Яму будынкі храма.
2. Ён жа сказаў ім: ці бачыце ўсё гэта? Праўду кажу вам: не застанецца тут каменя на камені; усё будзе разбурана.
3. Калі ж сядзеў Ён на гары Аліўнай, дык прыступілі да Яго вучні асобна, кажучы: скажы нам, калі гэта будзе? і якая азнака Твайго прыходу і сканчэньня веку?
4. І ў адказ Ісус сказаў ім: глядзеце, каб хто вас ня ўвёў у зман;
5. бо многія прыйдуць пад імем Маім і будуць казаць: «я Хрыстос», - і многіх увядуць у зман.
6. Таксама пачуеце пра войны і ваенныя чуткі. Глядзеце, не жахайцеся; бо павінна ўсё тое быць. Але гэта яшчэ не канец:
7. бо паўстане народ на народ і царства на царства; і будзе голад і пошасьці, і землятрусы месцамі.
8. А ўсё гэта - болесны пачатак.
9. Тады будуць выдаваць вас на пакуты і забіваць вас; і вы будзеце зьненавіджаныя ўсімі народамі за імя Маё.
10. І тады спакусяцца многія; і адзін аднаго будуць выдаваць, і зьненавідзяць адзін аднаго;
11. і многія ілжэпрарокі паўстануць і ўвядуць у зман многіх;
12. і ад памнажэньня беззаконьня ахалоне любоў у многіх;
13. а хто выцерпіць да канца, уратуецца.