Памер шрыфту
Чытаньне за 3 верасьня 2018:


Пасланьне да Галятаў 4.28-5.10

28. Мы, браты, дзеці абяцаньня, як Ісаак.
29. Але як тады народжаны ад плоці гнаў таго, хто ад Духа, так і сёньня.
30. Што ж кажа Пісаньне? «Выгані рабыню і сына яе, бо сын рабыніч не спадчыньніць разам з сынам вольнае».
31. Таму, браты, мы дзеці не рабыні, а вольнай.
1. Дык стойце ж у свабодзе, якую даў нам Хрыстос, і ня схіляйцеся зноў пад ярмо рабства.
2. Вось, я, Павал, кажу вам: калі вы абразаецеся, ня будзе вам ніякае карысьці ад Хрыста.
3. Яшчэ сьведчу кожнаму чалавеку, які абразаецца, што ён павінен выконваць увесь закон.
4. Вы, хто апраўдвае сябе законам, засталіся бяз Хрыста, адпаліся ад мілаты,
5. а мы духам чакаем і спадзяёмся на праведнасьць ад веры;
6. бо ў Хрысьце Ісусе ня мае сілы ні абразаньне, ні неабразаньне, а вера, якая дзее празь любоў.
7. Вы ішлі хораша: хто спыніў вас, каб вы не скараліся ісьціне?
8. Такое перакананьне не ад Таго, Хто заклікае вас.
9. Каліва закваскі расчыняе ўсё цеста.
10. Я пэўны за вас у Госпадзе, што вы ня будзеце думаць іначай; а той, хто змушчае вас, хто б ён ні быў, панясе на сабе асуду.

Евангельле паводле Марка 6.54-7.8

54. Калі выйшлі яны з лодкі, адразу жыхары, пазнаўшы Яго,
55. абеглі ўсё навакольле тое і пачалі на ложках прыносіць хворых туды, дзе, як чуваць было, Ён быў.
56. І куды ні прыходзіў Ён, ці то ў селішчы, ці то ў гарады, ці то ў вёскі, клалі хворых на плошчах і прасілі Яго, каб ім дакрануцца хоць да краю адзеньня Ягонага; і каторыя дакраналіся да Яго, ацаляліся.
1. Сабраліся да Яго фарысэі і некаторыя з кніжнікаў, што прыйшлі зь Ерусаліма;
2. і ўбачыўшы некаторых вучняў Ягоных, што елі хлеб нячыстымі, то ж бо няўмытымі рукамі, дакаралі.
3. Бо фарысэі і ўсе Юдэі, сьледуючы наказу старцаў, не ядуць, не памыўшы старанна рук;
4. і, прыйшоўшы з торжышча, не ядуць, не абмыўшыся. Ёсьць і яшчэ шмат чаго іншага, чаго яны пастанавілі трымацца: глядзець, каб мылі чары, кубкі, катлы і ўслоны.
5. Потым пытаюцца ў Яго фарысэі і кніжнікі: навошта вучні Твае не трымаюцца наказаў старцаў, а няўмытымі рукамі ядуць хлеб?
6. Ён сказаў ім у адказ: добра прарочыў пра вас, крывадушных, Ісая, як напісана: «людзі гэтыя шануюць Мяне вуснамі, а сэрца іхняе далёка ад Мяне адлягае;
7. але марна шануюць Мяне, настаўляючы на вучэньні, запаведзі чалавечыя»;
8. бо вы, занядбаўшы запаведзь Божую, трымаецеся звычаю чалавечага, абмываньня кубкаў і чараў, і робіце шмат чаго іншага, да гэтага падобнага.