Памер шрыфту
Чытаньне за 5 верасьня 2018:


Пасланьне да Галятаў 6.2-10

2. Насеце цяжары адно аднаго, і такім чынам выканаеце закон Хрыстовы.
3. Бо хто лічыць, што ён нешта такое, калі ён нішто, той ашуквае самога сябе.
4. Кожны няхай правярае сваю дзею, і тады мецьме пахвалу толькі ў сабе, а ня ў іншым,
5. бо кожны панясе свой цяжар.
6. Той, каго настаўляюць словам, дзяліся ўсякім дабром з тым, хто настаўляе.
7. Ня крывеце душою: Бог паганьбёны ня бывае. Што пасее чалавек, тое і сажне:
8. хто сее ў плоць сваю, ад плоці пажне прахласьць; а хто сее ў Дух, ад Духа пажне жыцьцё вечнае.
9. Робячы дабро, ня струджваймася: бо ў свой час пажнём, калі не аслабнем.
10. Дык вось, пакуль ёсьць час, будзем рабіць дабро ўсім, а найбольш сваім аднаверцам.

Евангельле паводле Марка 7.14-24

14. І паклікаўшы ўвесь люд, сказаў яму: слухайце Мяне ўсе і разумейце:
15. нішто, што ўваходзіць у чалавека звонку, ня можа апаганіць яго; а што выходзіць зь яго, тое апаганьвае чалавека.
16. Калі хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
17. І калі Ён ад людзей увайшоў у дом, вучні Ягоныя спыталіся ў Яго пра прычту.
18. Ён сказаў ім: няўжо і вы такія няцямныя? няўжо не разумееце, што нішто, што звонку ўваходзіць у чалавека, ня можа апаганіць яго?
19. бо ня ў сэрца ягонае ўваходзіць, а ў чэрава, і выходзіць вонкі, чым ачышчаецца ўсякая ежа.
20. Далей сказаў: тое, што выходзіць з чалавека, апаганьвае чалавека;
21. бо зь сярэдзіны, з сэрца чалавечага, выходзяць ліхія помыслы, пералюбы, распуста, забойствы,
22. крадзяжы, ліхвярства, злосьць, хітрына, непатрэбства, зайздросьлівае вока, блюзьнерства, пыха, безгалоўе.
23. Усё гэтае ліха зь сярэдзіны выходзіць, і апаганьвае чалавека,
24. І выправіўшыся адтуль, прыйшоў у межы Тырскія і Сідонскія; і ўвайшоўшы ўдом, не хацеў, каб хто даведаўся; але ня здолеў утоіцца.