Памер шрыфту
Чытаньне за 6 верасьня 2018:


Пасланьне да Эфэсянаў 1.1-9

1. Павал, воляю Божаю апостал Ісуса Хрыста, сьвятым, што ў Эфэсе, і верным у Хрысьце Ісусе:
2. мілата вам і мір ад Бога, Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
3. Дабраславёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, што дабраславіў нас у Хрысьце ўсякім духоўным дабраславеньнем у нябёсах,
4. бо Ён выбраў нас у Ім перад стварэньнем сьвету, каб мы былі сьвятыя і беспахібныя перад Ім у любові,
5. наперад пастанавіўшы ўсынавіць Сабе нас празь Ісуса Хрыста паводле ўпадабаньня волі Сваёй,
6. на хвалу славы мілаты Сваёй, якою Ён умілаваў нас у Любасным,
7. у Якім мы маем адкупленьне Крывёю Ягонай, дараваньне грахоў, паводле багацьця мілаты Ягонай,
8. якую Ён у вялікай шчодрасьці даў нам ва ўсякай мудрасьці і разуменьні,
9. адкрыўшы нам таямніцу Сваёй волі паводле Свайго ўпадабаньня, якое Ён загадзя паклаў у Ім,

Евангельле паводле Марка 7.24-30

24. І выправіўшыся адтуль, прыйшоў у межы Тырскія і Сідонскія; і ўвайшоўшы ўдом, не хацеў, каб хто даведаўся; але ня здолеў утоіцца.
25. Бо дачулася пра Яго жанчына, у якое дачка апанаваная была нячыстым духам, і прыйшоўшы прыпала да ног Ягоных;
26. а жанчына тая была язычніца, родам Сірафінікіянка; і прасіла Яго, каб выгнаў дэмана зь ейнай дачкі.
27. Але Ісус сказаў ёй: дай перш насыціцца дзецям; бо нядобра ўзяць хлеб у дзяцей і кінуць сабакам.
28. А яна сказала Яму ў адказ: так, Госпадзе; але і сабакі пад сталом ядуць крошкі ў дзяцей.
29. І сказаў ёй: за гэтае слова, ідзі; дэман выйшаў з тваёй дачкі.
30. І прыйшоўшы ў свой дом, яна ўбачыла, што дэман выйшаў і дачка ляжыць на пасьцелі.