Памер шрыфту
Чытаньне за 12 верасьня 2010:


Евангельле паводле Лукаша 24.12-35

12. Але Пётр, устаўшы, пабег да магілы і, нахіліўшыся, убачыў толькі, што ляжаць палатніны, і пайшоў назад, сам сабе дзівуючы з таго, што сталася.
13. У той самы дзень двое зь іх ішлі ў селішча, што адлягала стадый на шэсьцьдзясят ад Ерусаліма, называнае імаус.
14. і размаўлялі паміж сабою пра ўсе гэтыя падзеі.
15. І калі яны размаўлялі і разважалі паміж сабою, Сам Ісус, наблізіўшыся, пайшоў зь імі;
16. але вочы ў іх былі заслоненыя, так што яны не пазналі Яго.
17. І Ён сказаў ім: пра што гэта вы, ідучы, разважаеце паміж сабою, і чаго вы засмучаныя?
18. Адзін зь іх, на імя Клеопа, сказаў Яму ў адказ: няўжо ты адзін з тых, што прыйшлі ў Ерусалім, ня ведаеш, што адбылося ў ім гэтымі днямі?
19. І сказаў ім: штоо Яны сказалі Яму: што было зь Ісусам Назаранінам, Які быў прарок, моцны ў дзеі і ў слове перад Богам і ўсім народам;
20. як выдалі яго першасьвятары і начальнікі нашыя на засуджэньне на сьмерць і ўкрыжавалі Яго;
21. а мы спадзяваліся былі, што Ён ёсьць Той, Хто павінен уратаваць Ізраіля; але разам з усім тым, ужо трэйці дзень сёньня, як гэта сталася;
22. але і некаторыя жанчыны з нашых падзівілі нас: яны былі раніцай каля магілы
23. і не знайшлі Цела Ягонага, і прыйшоўшы, маўлялі, што бачылі зьяўленьне анёлаў, якія кажуць, што Ён жывы;
24. і пайшлі некаторыя з нашых да магілы і засталі ўсё так, як і жанчыны казалі; але Яго ня бачылі.
25. Тады Ён сказаў ім: о, няцямныя і марудныя сэрцам, каб верыць ва ўсё, што прадказвалі прарокі!
26. Ці ж ня так і належала пацярпець Хрысту і ўвайсьці ў славу Сваю?
27. І пачаўшы ад Майсея, з усіх прарокаў тлумачыў ім сказанае пра Яго ва ўсім Пісаньні.
28. І наблізіліся яны да таго селішча, у якое ішлі; і Ён паказаў ім выглядам, што хоча ісьці далей;
29. але яны стрымлівалі яго, кажучы: застанься з намі, бо дзень ужо схіліўся на вечар. І Ён увайшоў і застаўся зь імі.
30. І калі Ён узьляжаў зь імі, дык, узяўшы хлеб, дабраславіў, пераламаў і падаў ім,
31. тады разамкнуліся ў іх вочы, і яны пазналі Яго; але Ён зрабіўся нябачны ім.
32. І яны сказалі адзін аднаму: ці ж не палала ў нас сэрца наша, калі Ён казаў нам на дарозе і калі тлумачыў нам Пісаньне?
33. І ўстаўшы ў тую самую хвіліну, вярнуліся ў Ерусалім, і знайшлі разам адзінаццаць апосталаў і тых, што былі зь імі,
34. якія казалі, што Гасподзь сапраўды ўваскрэс і зьявіўся Сымону.
35. І яны расказвалі пра здарэньне на дарозе, і як Ён быў пазнаны імі пры ламаньні хлеба.

2-е пасланьне да Карынцянаў 6.1-10

1. А мы, як памочнікі ў працы, просім вас, каб мілата Божая ня марна была прынята вамі.
2. Бо сказана: «у часіну спрыяльную пачуў Я цябе, і ў дзень выратаваньня дапамог табе». Вось цяпер часіна спрыяльная, вось, цяпер дзень выратаваньня.
3. Мы нікому ні ў чым не даём спатыкацца, каб не выстаўляць на глум служэньне,
4. а ва ўсім выяўляем сябе, як слуг Божых, у вялікай цярплівасьці, у бедах, у гаротах, ва ўцісках,
5. пад ударамі, у вязьніцах, у выгнаньнях, на працы, у чуваньнях, у пастах,
6. у чысьціні, у добрай разумнасьці, у вялікадушнасьці, у даброці, у Духу Сьвятым, у шчырай любові,
7. у слове ісьціны, у моцы Божай, са зброяю праўды ў правай і ў левай руцэ,
8. у славе і няславе, пры ганьбе і хвале: нас лічаць ашуканцамі, але мы верныя;
9. мы невядомыя, але нас пазнаюць; нас лічаць нябожчыкамі, але вось, мы жывыя; мы караныя, але мы не паміраем;
10. нас засмучаюць, а мы заўсёды радуемся; мы гаротнікі, але многіх багацім; мы нічога ня маем, але ўсім валодаем.

Евангельле паводле Мацьвея 25.14-30

14. Гэтак і чалавек нейкі, адыходзячы, заклікаў рабоў сваіх і даручыў ім маёмасьць сваю:
15. і аднаму даў пяць талянтаў, другому два, таму адзін, кожнаму паводле ягонай сілы; і адразу адышоў.
16. Той, хто атрымаў пяць талянтаў, пайшоў: ужыў іх у справу і набыў другія пяць;
17. гэтак сама і той з двума набыў другія два;
18. а той, хто атрымаў адзін талянт, пайшоў і закапаў яго ў зямлю і схаваў серабро гаспадара свайго.
19. Па доўгім часе прыходзіць гаспадар рабоў тых і зводзіць зь імі рахунак.
20. І той, хто атрымаў пяць талянтаў, падышоўшы, прынёс другія пяць талянтаў і кажа: «Гаспадар! пяць талянтаў ты даў мне; вось, другія пяць талянтаў я набыў на іх».
21. Сказаў жа яму гаспадар ягоны: «добра, раб добры і верны! у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць гаспадара твайго».
22. Падышоў таксама і той, што атрымаў два талянты, і сказаў: «гаспадар! два талянты ты даў мне; вось, другія два талянты набыў я на іх».
23. Сказаў жа яму гаспадар ягоны: «добра, раб добры і верны! у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць гаспадара твайго».
24. Падышоў і той, што атрымаў адзін талянт, і сказаў: «гаспадар! я ведаў цябе, што ты чалавек жорсткі, жнеш, дзе ня сеяў, і зьбіраеш, дзе не рассыпаў;
25. і пабаяўшыся, пайшоў і схаваў талянт твой у зямлі; вось табе тваё».
26. Гаспадар жа ягоны сказаў яму ў адказ: «ліхі раб і гультай! ты ведаў, што я жну, дзе ня сеяў, і зьбіраю, дзе не рассыпаў;
27. таму трэба было табе аддаць серабро маё гандлярам, і я, прыйшоўшы, атрымаў бы маё з прыбыткам.
28. Дык вось вазьмеце ў яго талянт і дайце таму, хто мае дзесяць талянтаў,
29. бо кожнаму, хто мае, дасца і памножыцца, а ў таго, хто ня мае, адымецца і тое, што мае;
30. а нягоднага раба выкіньце ў цемру вонкавую: там будзе плач і скрыгат зубоў». (Сказаўшы гэта, усклікнуў: хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!).