Памер шрыфту
Чытаньне за 11 верасьня 2018:


Пасланьне да Эфэсянаў 2.19-3.7

19. Дык вось, вы ўжо не чужынцы і ня прыхадні, а суграмадзяне сьвятым і свае Богу,
20. уцьверджаныя на аснове апосталаў і прарокаў, маючы Самога Ісуса Хрыста каменем вугла,
21. на якім увесь будынак, моцна складаны, вырастае ў сьвяты храм у Госпадзе,
22. на якім і вы будуецеся ў селішча Божае Духам.
1. Вось дзеля гэтага я, Павал, стаўся вязьнем Ісуса Хрыста за вас, язычнікаў.
2. Бо вы, пэўна, чулі пра служэньне мілаты Божай, дадзенай мне для вас,
3. таму што мне праз адкрыцьцё абвешчана таямніца, - пра што я і вышэй коратка пісаў, -
4. дык вы, чытаючы, можаце ўведаць маё разуменьне таямніцы Хрыстовай,
5. якая не была абвешчана ранейшым пакаленьням сыноў чалавечых, як сёньня адкрыта сьвятым апосталам Ягоным і прарокам праз Духа (Сьвятога),
6. каб і язычнікі былі супольнымі спадчыньнікамі, што складаюць адно цела, і саўдзельнікамі абяцаньня Ягонага ў Хрысьце Ісусе праз зьвеставаньне,
7. слугою якога зрабіўся я пасьля дараваньня мілаты Божай, дадзенай мне дзеяньнем сілы Ягонай.

Евангельле паводле Марка 11.11-23

11. І ўвайшоў Ісус у Ерусалім і ў храм; і агледзеўшы ўсё, як што час ужо быў позьні, выйшаў у Віфанію з дванаццацьцю.
12. На другі дзень, калі яны выйшлі зь Віфаніі, Ён схацеў есьці;
13. і, угледзеўшы здалёку смакоўніцу, пакрытую лісьцем, пайшоў, ці ня знойдзе чаго на ёй; але, падышоўшы да яе, нічога не знайшоў, апрача лісьця, бо яшчэ ня час быў зьбіраць смоквы.
14. І сказаў ёй Ісус: ад сёньня хай ніхто зь цябе ня есьць плоду вавек. І чулі гэта вучні Ягоныя.
15. Прыйшлі ў Ерусалім. Ісус, увайшоўшы ў храм, пачаў выганяць прадаўцоў і пакупцоў у храме; і сталы мяняйлаў і ўслоны прадаўцоў галубоў абярнуў;
16. і не дазваляў, каб хто пранёс праз храм якую-небудзь рэч.
17. І вучыў іх, кажучы: ці ж не напісана: «дом Мой домам малітвы назавецца для ўсіх народаў»? - а вы зрабілі зь яго логва разбойнікаў.
18. Пачулі гэта кніжнікі і першасьвятары і шукалі, як бы загубіць Яго; бо баяліся Яго, таму што ўвесь люд зьдзіўляўся з вучэньня Ягонага.
19. А калі настаў вечар, Ён выйшаў з горада.
20. Раніцай, праходзячы міма, убачылі, што смакоўніца засохла да кораня.
21. І, прыгадаўшы, Пётр кажа Яму: Равьві! паглядзі, смакоўніца, якую Ты пракляў, усохла.
22. Ісус, адказваючы, кажа ім:
23. майце веру Божую. Бо праўду кажу вам: калі хто скажа гары гэтай: «падыміся і кінься ў мора», і не засумняваецца ў сэрцы сваім, а паверыць, што збудзецца паводле словаў ягоных, - будзе яму, што ні скажа.